Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дрыгва


Першая рэакцыя на гэтае слова - балота. Другая - аповесьць Якуба Коласа. Трэцяя - чалавек доўга шукае ў нетрах памяці, але не заўсёды знаходзіць тое, што мусіла б знайсьціся калі ня першым, то, прынамсі, другім - дрыгавічы - старажытны народ, адзін з каранёў радаводнага дрэва беларусаў.

Паводле некаторых меркаваньняў дрыгва - аж праславянскі дыялектызм(!), роднасны падобным літоўскаму і латыскаму словам са значэньнем "вільготны, вогкі".

Дрыгвяністы, дрыгвяны, дрыгвянае балота, дрыгвіна (адно месца ў дрыгве) а таксама назва ежы, якую цяпер мянуюць як "заліўное". Як бачым, вытворных ад дрыгва ня так і шмат. Няма ў нас ад гэтага слова ні назваў населеных пунктаў, ні прозьвішчаў. Выглядае, што для беларусаў гэтае слова штосьці большае, чымся топкая, балоцістая мясьціна. Гэта падсьвядома адчуваюць і беларускія пісьменьнікі, у якіх дрыгва амаль ніколі не асацыюецца зь нечым адназначна адмоўным. Дый наагул, беларус хутчэй скажа балота, багна, твань, імшара, імшарына, імшарышча, амшара ці нават алёс, чым дрыгва. Мы, як бы ашчаджаем гэтае слова, бо адчуваем у ім паганскую пракаветнасьць.

"Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў", - паэтычна назваў свой твор Караткевіч, у якога ў іншым творы Дзікае паляваньне караля Стаха ня менш паэтычна ляціць над той самай дрыгвой.

Як сьведчаць навуковыя крыніцы, на сёньня дрыгвяністыя месцы ў Беларусі засталіся пераважна на тэрыторыях некаторых запаведнікаў і заказьнікаў. Савецкая мэліярацыя амаль цалкам зьнішчыла гэтую адметнасьць беларускага краявіду. А можа яна перапампавала ідэю дрыгвы ў дзяржаўную ідэалёгію...

Сяржук Сокалаў-Воюш

XS
SM
MD
LG