Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакрат


На пытаньне: хто ты? беларускі апазыянэр сьціпла адкажа: дэмакрат. На пытаньне - хто ёсьць прычынай жабрацтва насельніцтва, вялікая частка апошняга, грэбліва названая дэмакратамі электаратам, упэўнена й адкажа - дэмакрат. У палітычных дэбатах каля гарадзкіх пад'ездаў і на вясковых лаўках беларускі люд чахвосьціць хвалёную заходнюю дэмакратыю, якая навязвае братам па славянскай крыві свае, прымітыўныя як гамбургер, дэмакратычныя стандарты. А таксама корміць тутэйшага дэмакрата, адзінай работай якога - ладзіць пэрфомэнсы каля менскага опэрнага тэатру ці дыскрэдытаваць палітыку дэмакратычна абранага першага прэзыдэнта Беларусі ў якім-небудзь Страсбургу.

Чаму на постсавецкай прасторы так ня любяць дэмакратаў? Таму што апроч "прыхільніка дэмакратыі" для савецкага чалавека дэмакрат быў яшчэ "чальцом буржуазнай дэмакратычнай партыі". У гэтым азначэньні тлумачальнага слоўніка слова "дэмакратычнай" дакладна саступае па экспрэсіі слову "буржуазнай". Да таго ж першыя пазытыўныя дэмакраты хутка станавіліся злодзеямі - дэмакрат Гарбачоў разваліў краіну, Шушкевіч яму дапамагаў, а таксама будаваў лецішча маладэмакратычным шляхам - нібыта краў цьвікі. Калі ж слова дэмакрат вымаўляецца невыразна, прыглушана ці сьцяўшы зубы, адразу адчуваецца перадсьмяротная артыкуляцыя камунізму.

Цяпер сярод беларусаў ёсьць нацыянальны дэмакрат, хрысьціянскі дэмакрат, сацыяльны дэмакрат і лібэральны дэмакрат. Усе абсалютна розныя. Спароджаныя адной кволай дэмакратыяй, таму павязаныя адной мэтай - хутчэй гэтую дэмакратыю аднавіць.

Вольга Караткевіч

XS
SM
MD
LG