Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дастаць


Усе людзі ад прыроды гульцы. Ды й жыцьцё падобнае на вялікую заўзятую гульню. Ці хто каго, ці хто з кім.

Чалавеку малому й сталаму трэба цацка, якую ён будзе даглядаць, якою ён будзе выхваляцца. А дзе й сваю недасканаласьць цацкаю прыкрые -- ці то аўтамабілем, ці то шыкоўнай кватэраю, ці футрам. Маўляў, вось маю, дасягнуў, ня горшы за ўсіх вас.

Але бываюць гэткія часы й гэткія краіны, калі цацку для жыцьцёвае гульні прыдбаць архіскладана. Насамрэч трэба зрабіцца выбітным гульцом.

Памятаю, які дзясятак гадоў назад ці ня ўсе мы апантана гуляліся ў драматычную гульню пад назваю "дастаць".

У аднаго тут роля дабрадзея, які нешта дастае, у іншага -- прашэльніка. Потым ролямі зручна мяняюцца. І дастаецца ўсё, што душа сьніць -- машыны, дываны, лекі, хаты, пасады, кнігі, сукенкі, мэбля, посуд.

Гульня закручвае, захапляе, робіцца падобнай да хованкаў ці жмуркаў.

Зьвялася цяпер ушчэнт гульня, а лёгкае слоўца "дастаць" зьмяніла акрасу. Цяпер мы скрыўджана адмахваемся адно ад другога: "Адчапіся! Не даставай!". Цяпер мы абураемся: "Ну й даставучы ж ты!". А самыя дасьціпныя абразьліва кпяць: "Ня будзь Дастаеўскім!"

Жытка нашая вымучыла, дастала.

Антаніна Хатэнка

XS
SM
MD
LG