Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цывілізацыя


Цывілізацыя – гэта калі куды вокам ня кінь, усюды бачна ня створанае Богам, а зробленае рукамі чалавека.

Напрыканцы ХХ стагодзьдзя зямная куля як цесны пакой спрэс застаўленая людзкім наробкам. І гэты рукатворны сьвет ужо мае сваю веру – тэхнічны прагрэс, свайго Бога – атамную бомбу, свой судны дзень – ядзерны апакаліпсіс.

Тут усё амаль як і ў тым, нерукатворным. З адной толькі розьніцай – Бог стварыў белы сьвет для птушак, зьвяроў, Адама і Эвы, а чалавек выштукаваў цывілізацыю выключна дзеля самога сябе.

6 мільярдаў людзей штодня завіхаюцца ля камбайну сусьветнай цывілізацыі, каб забясьпечыць хлебам і камфортам адно толькі чалавека. Пэўна, з гэтага можна цешыцца. Ах, што за асілак, гэты маленькі чалавек, які агораў такую магутную цывілізацыю!

Але хай кожны сам сябе запытае: а ці варты я, каб асабіста дзеля мяне, дзеля майго кароткага існаваньня, гіганцкі молах цывілізацыі бяз роздыху перамолваў на друз той жыцьцядайны сусьвет, што аднойчы быў створаны Богам.

Я таксама запытаўся ў сябе, і мне зрабілася вусьцішна.

Валянцін Акудовіч

XS
SM
MD
LG