Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэгла


Без яе няма а ні добрай печы ў вясковай хаце, а ні трывалага падмурку. З цэглы складзены палацы ды вязьніцы. У Максіма Танка яна – сымбаль няволі: "…шэрай цэглай шэра муры глядзелі". А ва Ўладзімера Дубоўкі – гэта сымбаль стварэньня:

"– Выдатна,– кажа майстар,–
малайчына! –
калі паклаў ён пешую цагліну.
Ён для другой
раствору кельняй кінуў…
Якая урачыстая часіна!"
Гэтае слова, як і многія іншыя, прывандравала да нас разам з вандроўнымі дойлідамі зь Нямеччыны. Цегла, кахля, цігель… А да таго цэглу звалі плінфаю. З тых плінфаў складзены Сафійскі сабор. Аднак спрытнейшымі апынуліся ўсё ж нямецкія штукары. Ды й слова надалося.

Цэглу выраблялі ў Беларусі там, дзе была гліна. Ца-Гліна. А гліна была паўсюль. Таму ў кожным мястэчку йснавалі адмысловыя прадпрыемствы – цагельні. Толькі ў Менску іх было зь дзясятак. На цагельнях выраблялі й цэглу, і дахоўку, і кахлю. Кожная цагліна ганарыста пазначалася фірмовым кляйном гападара цагельні: Макарэвіч, Сьлепян, Рубенчык… Прадукцыя Менскае цагельні Авэрбуха нат' атрымала залаты мэдаль на сусьветнай выставе 1909 году ў самім Рыму…

Цэгліна – цяжкая ў руках. Цаглінка – маленькая ў вялікім муры. Паў-цагелак – прыдатны куды падаткнуць, але непаўнавартасны, ня цэ-лы… Трывалы, як цагляны. Плыве, як цэгла.

За гады савецкае ўлады ўсе цагельні былі закрытыя. Паўсталі вялізарныя заводы. Аднак цэглы станавілася ўсё меней, а дахоўка ды кахля зьвяліся наогул. Пачалі вырабляць белую, сілікатную цэглу, якая хутка цьвіце й крышыцца. Зь яе паналепвалі ў 60-я цэлыя раёны "хрушчовак". Нарэшце, і гэтая цэгла стала дэфіцытам. Савецкія дамы пачалі складаць з бэтонных блёкаў. Дом блёчны, ці цагляны? – пытаюцца беларусы. Цагляны, вядома лепей. Здаравейшы, ця-плейшы.

І ўчынкі кладуцца цаглінамі ў нашае жыцьцё. Зь іх мы будуем наш, Беларускі Дом. Ён будзе з добрай цэглы, сагрэтай беларускімі рукамі.

Сяргей Харэўскі

XS
SM
MD
LG