Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буракі.


У бураках ёсць цымус : у чырвоных - колер, у цукровых - слодыч.

У бураках ёсць перспектыва - як станеш на пачатку калгаснай баразёнкі , то канец далёка-далёка.

За буракамі - літаратурная традыцыя. "Дудка беларуская" Францішка Багушэвіча выйшла пад псеўданімам Мацей Бурачок.

Бурак ежа сціплая і кампанейская : ён ніколі не бывае у цэнтры стала і сам па сабе: ён ці ў баршчы, ці ў вінэгрэце, ці "пад шубай".

Зрэшты, слова гэтае рэдка ўжываецца у адзіночным ліку - хіба толькі у адпаведных прозвішчах. А так увесь час - буракі і буракі.

У адрозненне ад бульбы, буракі асабліва не паддаліся механізаванаму вырошчванню і таму ўвасобілі у сабе увесь цяжар калгаснага прыгону. Калгасныя буракі дзялілі на дзялкі - на пачатку заўсёды доўгіх барознаў брыгадзір убіваў калкі з прозвішчамі калгаснікаў, не выключаючы і пенсіянераў. Тыя мусілі адбыць дзве праполкі, а часта - калі калгас ня меў іншай сілы - дагледзець да канца - выкапаць , пачысціць і пагрузіць на трактары. Не пайсці на буракі - было роўназначна бунту, ці адкрытай апазіцыі . Не апалоўшы буракі нельга было атрымаць сена, каня ці талонаў на цукар .

Таму на буракі хадзілі да смерці . Чым больш старэла вёска - тым ніжэй сгіналіся постаці на бураковых палетках - пакуль урэшце самыя нямоглыя не станавіліся ў баразёнках на калені.

Бурак - адно са словаў, якому удаецца амаль цалкам вынесніць з беларускага лексічнага поля свой іншамоўны адпаведнік. Нават на трасянцы мала хто кажа 'свекла' . А тыя, хто імкнецца перамагчы свой акцэнт, вынайшлі кампраміс: бурякі.

Алена Ціхановіч.

XS
SM
MD
LG