Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брук


Слова брук - зь нямецкага Brucke - зьявілася разам з нараджэньнем мадэрнага беларускага гораду. Яно прыйшло да нас з Эўропы разам з магдэбуркім правам, гарадзкой прадстаўнічай дэмакратыяй, цэхавой культурай, кнігадрукаваньнем ды іншымі цывілізацыйнымі зрухамі XV-XVI стагодзьдзяў.

Старадаўнія актавыя кнігі фіксуюць шмат вытворных словаў - брукаваць (масьціць брукам), брукаваньне, брукар (той, хто брукуе), брукавыя грошы або брукавое (падатак за пераезд і пастой на бруку).

Брук зазначыў новы ўздым пабытовай культуры. Разам з дахоўкай ён стаўся на стагодзьдзі сымбалем новай эстэтыкі беларускіх гарадоў - местаў і мястэчак.

З часам брук наагул стаў азначаць горад як месца сацыяльнага дзеяньня. На бруку - значыць: у горадзе. На віленскім бруку - гэта ня проста на пэўнай вуліцы, на пэўным чынам замошчанай паверхні, гэта - у тым сацыяльным сусьвеце, які завецца Вільняю.

Але нашы зваяваныя каралі паснулі на пагорках нашай Эўропы, і наўзамен з Усходу прыйшла іншая культура. Мястэчкі ператварыліся ў посёлкі городзкого тіпа, замест разбураных старасьвецкіх камяніцаў нарасьлі пачварныя спаруды з шкла й бэтону, замест дыхтоўнай дахоўкі на стрэхах ляжыць прагнілы шыфэр, а наш брук заліты сьмярдзючым асфальтам.

Выглядае, што ў ХХІ стагодзьдзі нас чакаюць цяжкія рэмонтныя працы...

Сяргей Шупа

XS
SM
MD
LG