Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Блат


Слова блат у слоўніках пачатку стагодзьдзя няма. Гэта зусім не азначае, што зьява адсутнічала. Яна была, але тычылася іншых, ніж цяпер, сфэраў жыцьця і абазначалася іншым словам: пратэкцыя.

Побач з пратэкцыяй існаваў і блат, але тычыўся ён справаў цёмных, злодзейскіх і рабунковых, а таму існаваў толькі ў крымінальным жаргоне.

Мова заўсёды чуйна рэагуе на ўзровень жыцьця і культуры. Атрымаць начальніцкую пасаду ў савецкі час, скажам, на прадуктовай базе можна было толькі паводле пратэкцыі, іншую працу на той самай базе - па знаёмству, а вось дастаць дэфіцытны тавар з базы - вылучна па блату.

Блат ва ўмовах адміністрацыйнай сыстэмы быў, так бы мовіць, змазкай сацыяльных мэханізмаў. Не начальнікі, не партыйныя босы, а нефармальныя сувязі палягалі ў падмурках гэтай зьявы.

Блат непарыўна зьвязаны са словамі дастаць і дыфіцыт. Менавіта па блату даставаліся лепшыя прадукты, лекі, мэбля, часам кватэры й машыны, а таксама пуцёўкі. модная вопратка і нават кніжкі.

Паводле этымолагаў, першакрыніцай слова блат маглі быць некалькі моваў.

Польскае блат абазначае чалавека, які нешта хавае, і польскае ж блат у крымінальным жаргоне мае значэньне "хабар".

У габрэйска-нямецкай блат - згодны, албо ўведзены ў таямніцу.

Нямецкае блат - папяровыя грошы.

Ад слова блат паходзіць і выраз блатная музыка - мова крымінальнага асяродзьдзя, а таксама блатныя песьні - песьні крымінальнікаў ці блатных. У сваю чаргу самі блатныя - элемэнт сацыяльна блізкі савецкай люмпэнскай уладзе, якая паводле сваёй сутнасьці была злодзейскай.

Яшчэ адно значэньне выразу "блатныя песьні" - нецэнзурныя песьні вуліцы, якія дзеці сьпяваюць патаемна ад бацькоў. У адной зь іх ваяка выпраўляецца на вайну і бярэ з сабой торбу сала, якая і робіцца ягоным асноўным клопатам. Вынік гэтага ваярства досыць сумны:

А затым я ў шпіталь папаў,
На спружынным я ложку ляжаў,
Там зь мяне абутак зьнялі,
Торбу з саламадабралі,
Ой, браткі, нашто ж я яе браў!

Сяржук Сокалаў-Воюш.

XS
SM
MD
LG