Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькаўшчына


Можна сказаць "Радзіма-маці" або нават "Айчына-маці", але немагчыма сказаць "маці-Бацькаўшчына".

"Бацькаўшчына" – слова штучнае. Яно паўстала на пачатку стагодзьдзя, калі "Радзіма" яшчэ блыталася з "Родзінай", а "Айчына" з "Атчызнай". Але, ня гледзячы на ўсе высілкі адраджэнцаў, яно так і ня выштурхнула сваіх канкурэнтаў. Затое набыло нейкі дзіўны статус: канкрэтнае, прыземленае, нават – крыху страшнаватае.

Для паэтаў, і ўвогуле, для высокага штылю слова "Бацькаўшчына" задаўгое і ня надта мілагучнае. І таму не выпадкова, што яно набыло сваё другое дыханьне толькі ў пострамантычную эпоху, гэта значыць у нашыя часы.

Сёньня слова "Бацькаўшчына" з асаблівай асалодаю вымаўляюць беларускія рокеры, а Кася Камоцкая нават вызнайшала слова "мацькаўшчына", як адказ на закладзеную ў слове полавую дыскрымінацыю.

"Бацькаўшчына" найлепш гучыць з крыху гіранічнай інтанацыяй. І з 1994 году, са зьяўленьнем першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, гэтая інтанацыя пераважае. Зрэшты, усё натуральна: "дзеткі-грамадзяне" любяць "маці-Радзіму" і пабойваюцца "бацьку" з нашай і ягонай "Бацькаўшчынай".

Ігар Бабкоў

XS
SM
MD
LG