Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Авітаміноз


"Вітаю!" -- усьміхаецца мне прыязьнік. "Вітаю!" -- шапоча лістотаю мая зямля. Прывітаньнем поўныя прастора й час. Поўныя жыцьцём, бо vita -- з прадалёкіх вякоў лацінян і ёсьць жыцьцё, сьвет-вітамін, які мы спажываем штохвільна.

Але ўсё часьцей паперадзе гэтага нягаснага віта- паўтае недарэчнае неразумнае а-. Авітаміноз.

Бач якое адважнае гэтае а! Адпрэчвае самое красаваньне-наліваньне -- жыцьцё. І мы паволі зьмірваемся, мы дазваляем упартай часьціцы адмаўленьня выракаць нас на пакуты, на балючую нястачу жыцьця.

Ці згадваем калі, што самі творым віта -- жыцьцё? І самі зьяўляемся ягонай ладнай часьцінаю? Ці жывімся ратавальнай энэргіяй віта? Не!

Здаецца, нам дзівакам лацьвей ды зручней жыць у бядноцьці, чымся адказна распараджацца заможным жыцьцём. І пануе ў пахмурным краі авітаміноз, недахоп жыцьцёвае сілы, прыгожства й веры.

А чаму паддаемся авітамінозу? Чаму не выбіраем чыстае, першароднае віта? Яно вядома, жаліцца прасьцей, чым выбіраць, а вінаватыя заўжды знойдуцца".

Пасьміхаецца зьдзекліва авітаміноз: "Якія ж вы, чалавекі, хісткія, няўклюдныя здані, зьбялелыя без вітаміну шчасьця".

Задрыгвела нашае беларускае шчасьце, віта-жыцьцё. І мы, як баязьлівыя зайцы на купінах, азіраемся -- хто адымае вітаміны? Таго ж ня хочым прызнаць, што самі лянуемся скінуць зь сябе прычэпістую часьціцу а- ды чэрпаць нагбом віта-жыцьцё.

Антаніна Хатэнка

XS
SM
MD
LG