Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армія


Гістарычна, рэгулярнае ўзброенае фармаваньне ў Беларусі мае назоў "войска". Такое слова сустракаем і ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага, прынятым ў 16-м стагоддзі.

Што ж да слова "армія", дык яно ў 17-м стагоддзі выкарыстоўвалася ў польскай мове, адтуль перайшло ў расейскую, і толькі потым прыжылося ў нас. Этымалагічны слоўнік пацьвярджае, што расейскі ўплыў ў 19-м стагоддзі спрыяў замацаваньню гэтага слова ў беларускай мове. Але ці ня больш спрыялі гэтаму палітычныя рэаліі 20-га стагоддзя.

Чырвоная армія разам з атрадамі ЧК жорстка здушыла антыбальшавіцкае паўстаньне пачатку 20-гадоў, якое прысягнула на вернасьць Радзе БНР і увайшло ў гісторыю як Слуцкі Збройны чын. З таго часу ў Беларусі пачаўся штогадовы набор -- ці, як яго называлі, прызыў -- у Чырвоную, а потым Савецкую армію.

Савецкая Армія стварыла аўтаномны асяродак з уласным побытам, звычкамі, ды нават фальклёрам. Армія лічылася школай жыцьця, прычым ейныя урокі былі далёкія ад ідэалаў гуманізму. Квітнела "дзедаўшчына" -- зьнявага маладых салдатаў тымі, хто ўжо адслужыў адзін год.

Аднак сярод навукі, якую падавалі "салагам" "дзяды", была прымаўка, якая ў адаптаваным для эфіру выглядзе можа гучаць гэтак: "Служы, сынок, як дзед служыў, а дзед на службу палажыў". Адлыніць ад фіззарадкі, баявой падрыхтоўкі ці працы ў сталоўцы лічылася ў Савецкай Арміі верхам адвагі. Але яшчэ большую зайздрасьць выклікалі тыя, каму ўдалося "закасіць" ад арміі -- гэта значыць, з дапамогаю мэдычнай даведкі пазьбегнуць прызыву.

Цікава, што ў сучаснай Беларусі слова "армія" ужо згубіла сваё значаньне як назоў буйнога вайсковага фармаваньня-- замест арміяў ды дывізіяў уведзеныя карпусы і брыгады. Відаць, спрацавала калгасна-брыгадзірская мэнтальнасьць Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

Сяргей Навумчык

XS
SM
MD
LG