Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыя


У сьвядомасьці апошніх пакаленьняў беларусаў слова гэтае -- апазыцыя -- трывала замацавалася побач з такімі выказваньнямі, як "бухарынска-зіноў'еўскі блёк", "суровы, але справядлівы прысуд працоўнага народа", "як бешаных сабакаў", "растраляць".

Крамлёўская крывавая бойка паміж колішнімі натхняльнікамі і арганізатарамі кастрычніцкага перавароту 1917-га году адгукнулася ў Беларусі зьнішчэньнем ці ня ўсёй эліты, у тым ліку і эліты палітычнай. З адкрытам вальнадумствам было надоўга скончана. Палітычная лексіка фармавалася Масквой, і вось што цікава: да тых, хто выступаў супроць "генеральнай лініі" партыі, ужываліся якія заўгодна тэрміныі -- "антыпартыйная групоўка", "палітычныя памылкі", "валюнтарызм", нават "шпіянаж" -- але толькі не апазыцыя. Бо савецкі чалавек не павінен быў нават на хвіліну ўявіць магчымасьць арганізавана выступіць супроць існуючага парадку. Палітычная эліта трансфармавалася ў намэнклатуру і ўяўляла адзіны арганізм, які сілкаваўся страхам. Сапраўды, было неверагодна, каб нехта з партыйных сакратароў выступіў з крытыкай Машэрава - хоць бы самай дробязнай.

Тым ня менш, грамадзтва не магло жыць па законах казармы бясконца. Створаная Зянонам Пазьняком у 1990 годзе Апазыцыя БНФ складала толькі дзясятую частку дэпутацкага корпусу, але дамаглася незалежнасьці Беларусі і аднаўленьня яе дзяржаўных існстытуцыяў, -- выключны выпадак у практыцы парлямэнтарызму. Праўда, гісторыя зрабіла яшчэ адно выключэньне: насуперак клясічным канонам, паводле якіх апазыцыя ўрэшце бярэ ўладу, -- Народны Фронт да ўлады не прыйшоў. Стаўленьне ж лукашэнкаўскай улады да апазыцыі выявілася, калі дзевятнаццаць апазыцыйных дэпутатаў былі жорстка зьбітыя ў парлямэнцкай зале за імкненьне адстаяць беларускую мову, бел-чырвона-беды сьцяг і "Пагоню".

Затое існуе заканамернасьць, дзе Беларусь выключэньнем не з'яўляецца: чым больш жорсткі рэжым у краіне -- тым меней магчымасьцяў да апазыцыі. Існуюць краіны, дзе гэтыя магчымасьці абмежаваныя сьценамі вязьніцы, ёсьць рэжымы, якія загналі апазыцыянераў у магілы, а іншыя дыктатары апускаюць сваіх апанэнтаў у басэйны з салягнай кіслатой. Ёсьці і зваротныя прыклады: у Канадзе "ценявы кабінэт" фінансуецца з бюджэту, а ў Вялікабрытаніі лідар апазыцыі суправаджае каралеву на ўрачыстых цэрымоніях.

Вольнае грамадзтва зацікаўленае ў існаваньні апазыцыі - бо без яе можна згубіць волю.

Сяргей Навумчык.

XS
SM
MD
LG