Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анахранізм


Тлумачальны слоўнік беларускае мовы так тлумачыць слова анахранізм -- зьявы, погляды, думкі, якія зьяўляюцца састарэлымі для пэўнай эпохі.

Мовазнаўцы зьвязваюць яго этымалёгію з грэцкімі словамі "ана" (назад) ды "хронас" (час). І... відавочна ж, памыляюцца!

Анахранізм у нашым, беларускім, разуменьні паходзіць без усякага сумневу ад народнага выразу "а на храна?". Няма патрэбы казаць пра папулярнасьць гэтага моўнага звароту.

"А на храна нам гэтая мова?" -- гукаюць, узяўшыся ў бокі. Тое ж самае кажуць пра незалежную дзяржаву, дэмакратыю, беларускую школу, рынак, нацыянальныя сымболі й прэзыдэнцкія выбары...

Анахранізм стаўся ня толькі ідэялягічным падмуркам улады, але й падставовым элемэнтам мэнтальнасьці электарату, арбітаю ягонага, пазбаўленага прыцягненьня роднае Зямлі, касьмічнага руху. У пэрыгэі якога сьвіная скварка, а ў апагеі -- поўная чарка.

І хаця суседзі называюць такое жыцьцё "савецкім анахранізмам", яно тым ня менш, ідзе сваім ладам.

Анахраністы падчэпваюць відэльцам тлушчапырскую скварку, куляюць поўную чарку, паволі развальваюць народную гаспадарку, а ўсіх незадаволеных б'юць гумовым друком па карку.

Вінцэсь Мудроў

XS
SM
MD
LG