Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амністыя


Слова амністыя паходзіць са старагрэцкай мовы, дзе яно азначала "дараваньне".

У юрыдычным сэнсе амністыя прымяняецца да нейкіх групаў асуджаных і абвяшчаецца, як правіла, найвышэйшаю ўладаю - манархам, прэзыдэнтам, парлямэнтам.

Звычайна амністыя прымеркаваная да нейкай падзеі ці да юбілею - у краінах з манархічным ладам гэта можа быць нараджэньне нашчадка трону альбо ягонае вясельле. У Злучаных Штатах, да прыкладу - юбілей прыняцьця Канстытуцыі. У Савецкім Саюзе амністыя гэтаксама абвяшчалася з нагоды юбілеяў - 50-, 60- або 70-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Напярэдадні гэтых сьвятаў родныя асуджаных уважліва праглядалі газэты - інфармацыя пра амністыю зьмяшчалася ў самым непрыкметным мейсцы.

Самая масавая амністыя савецкіх часоў зьвязаная зь імем Бэрыі - пасьля сьмерці Сталіна ён выпусьціў на волю дзясяткі тысячаў крымінальных злачынцаў, большасьць зь якіх адразу ж вярнулася на свае "маліны". Пры гэтым мільёны палітычных зьняволеных засталіся паміраць у ГУЛАГу.

У сучасную беларускую гісторыю слова "амністыя" ўвойдзе ў сувязі са зьняволеньнем Аляксея Шыдлоўскага - пасьля знаходжаньня за кратамі яго амніставалі за два дні да сканчэньня паўтарагадовага тэрміну. Тым самым улада пакінула за сабой права на працягу 10 гадоў зноў кінуць яго за краты.

У Беларусі канца ХХ стагодзьдзя рэпрэсіўны зьмест укладаецца нават у словы, якія атаясамліваюцца з гуманнасьцю.

Сяргей Навумчык

XS
SM
MD
LG