Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алергія


Некалі ў мяне быў сябар – карачаевец Махці. Сталін высяліў ягоны народ у Казахстан. Махці нарадзіўся і сталеў сярод стэпавых прастораў.

Калі карачаеўцам было дазволена вярнуцца на радзіму, хлопец ня змог застацца з суайчыньнікамі – пасярод гор і далінаў ён пакутваў на алергію. У мяне алергія на Бацькаўшчыну, – неяк з сорамам прызнаўся Махці.

Я кожны раз згадваю сябра, калі бачу, як блага робіцца якому чалавеку ад пачутага беларускага слова, ад пабачанага бел-чырвона-белага сьцягу ці гэрбу Пагоня. Я гляджу, як ён смыкае вуснамі, шчэрыць зубы, курчыцца целам, і з жалем думаю – гэты чалавек хворы, у яго алергія на Бацькаўшчыну.

Хворы на алергію варты жалю ня менш, чым які іншы хворы. І было б залішне жорстка ганіць чалавека за нянавісьць да беларушчыны, калі яна чыніць яму адныя пакуты. Таму я зусім ня маю намеру кагосьці ўпікаць, а тым болей абражаць.

Мяне ў гісторыі гэтай адмысловай немачы хвалюе іншае. Калі Махці казаў пра сваю хваробу, дык ягоныя вочы мільгацелі сорамам. А чаму тады ў нашых людзей, якія маюць алергію на Бацькаўшчыну, вочы мільгацяць нянавісьцю?

Валянцін Акудовіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG