Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аквітызм


Аквітызм – ад лацінскіх словаў aqua vita: “жывая вада” або “вада жыцьця” – “узвышэнскі” кірунак у беларускай літаратуры 20-х гадоў гэтага стагодзьдзя, утвораны ад унівэрсальнага архэтыпу сусьветнае культуры “жывая вада”.

Спачатку Адам Бабарэка – тэарэтык “Узвышэнства” ў лістападзе 1923 году – прапанаваў самабытны беларускі літаратурны кірунак “Вітаізм” ад слова vita – “жыцьцё”. Ягонай задачай быў сынтэз рамантызму жыцьця зь ягоным рэалізмам.

Ідэя “Вітаізму” апярэдзіла “Маладнякізм” – кірунак афіцыёзны, клясавы, зь ідэалам усясьветнай камуны, хоць рэальная творчасьць таленавітых “маладнякоўцаў” аказалася бліжэй да “Вітаізму”.

Пазьней, у 1927-30-х гадох “узвышэнцы” – старальнікі літаратурнага аб’яднаньня “Ўзвышша” – перш за ўсё Бабарэка й Дубоўка ў праграмных дакумэнтах, у артыкулах Бабарэкі “Аквітызм у творчасьці Ўладзімера Дубоўкі”. “Узвышэнская паэзія – аналіз паняцьця”, “Паэзія як уяўленьне” абгрунтавалі “аквітызм” – новую плынь беларускае літаратуры, альтэрнатыву афіцыёзнага “сацыялістычнага рэалізму”.

Аквітызм уяўляўся “ўзвышэнцам” як сынтэз нацыянальнае традыцыі й новаэўрапейскага мастацкага наватарства.

У паэме “У пурпуровых ветразях узьвівы” Уладзімер Дубоўка, карыстаючыся скарочаным беларускім варыянтам гэтага паняцьця, пісаў:

“А дух трымаем на галоднай норме,
А дух скарынкай эпігонскай сыты.
Яго суседзі, мабыць, не накормяць,
За тым патрэбна духу aqua vita”.
Вось так aqua vita стала скарочанай формаю гэтага кірунку, які ў нашай літаратуры пачаўся, але не адбыўся, не зрэалізаваўся да канца ў зьвязку зь ліквідацыяй “Узвышша” й ліквідацыяй “узвышэнства” ў беларускай літаратуры наогул у эпоху бальшавіцкае дыктатуры.

Уладзімер Конан

XS
SM
MD
LG