Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫНІКІ 16-ГА ДНЯ ЗІМОВАЙ АЛІМПІЯДЫ


*** Учора, у перадапошні дзень Алімпіяды ў Солт Лэйк Сіты, упершыню ў гісторыі зборная каманда Беларусі ў мужчынскім хакеі на лёдзе згуляла матч за алімпійскі бронзавы мэдаль. Яе суперніцай была каманда Расеі. Гульня закончылася зь лікам 7:2 на карысьць расейцаў.

Такім чынам, бронзавым мэдалістам у хакеі на лёдзе сярод мужчынскіх камандаў стала Расея. Упершыню ў сваёй гісторыі каманда Беларусі заняла на Алімпійскіх гульнях такое высокае – 4-е месца.

Сёньня, у апошні дзень алімпійскіх гульняў адбудзецца фінальны матч хакеістаў, у выніку якога стануць вядомымі ўладальнікі алімпійскага золата і срэбра. Іх разыграюць паміж сабой каманды амэрыканскага кантынэнту – Канада і ЗША.

*** Першымі на старт перадапошняга дня спаборніцтваў выйшлі мужчыны-лыжнікі на самай складанай дыстанцыі – 50 кілямэтраў. Перамог гішпанскі лыжнік нямецкага паходжаньня Ёган Мюлег, які заваяваў свой трэці залаты мэдаль на гэтай Алімпіядзе. Срэбра ў расейца Міхаіла Іванова. Трэці час на фінішы паказаў эстонец Андрус Вээрпалу. Беларусь была прадстаўленая чатырма спартоўцамі. Аляксей Трэгубаў фінішаваў 42-гі, Аляксандар Саньнікаў – 46-ты. Аляксандар Шалак – 48-мы. Заяўлены ў спаборніцтве Мікалай Семяняка на старт ня выйшаў.

*** У гарналыжным спорце адбыліся спаборніцтвы мужчынаў у слаламе. Золата заваяваў француз Жан-П’ер Відаль.

*** Апошні раз выйшлі на лёд канькабежцы. Жанчыны змагаліся за алімпійскія мэдалі на дыстанцыі 5 тысячаў мэтраў. Свой другі залаты мэдаль на сёлетняй Алімпіядзе заваявала немка Кляўдыя Пэхштайн, усталяваўшы новы ўсясьветны і алімпійскі рэкорд. Дарэчы, у Солт-Лэйк-Сіты зь дзесяці канькабежных спаборніцтваў у васьмі былі ўсталяваныя ўсясьсветныя і алімпійскія рэкорды.

*** У спаборніцтве экіпажаў-чацьвёрак у бабслеі першае месца заняла другая нямецкая каманда. Срэбра і бронзу заваявалі першая і другая каманда Злучаных Штатаў.

*** На гэты момант у табліцы мэдалістаў на першым месцы каманда Нямеччыны з 12 залатымі мэдалямі, далей ідуць Нарвэгія – 11 і ЗША –10 залатых мэдалёў. Немцы выйгралі найбольш мэдалёў рознай вартасьці – 35. Усяго на сёлетняй Алімпіядзе мэдалі здабывалі прадстаўнікі 25 краінаў, у тым ліку і Беларусі, якая мае ў сваім здабытку 1 бронзавы мэдаль.

*** Сёньня адбудуцца апошнія спаборніцтвы 19-тай Зімовай Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіты. У 18.30 паводле менскага часу лыжніцы выйдуць на дыстанцыю 30 кілямэтраў клясычным стылем, а а 22 гадзіне пачнецца фінальны матч турніру хакеістаў, у якім сустрэнуцца каманды Злучаных Штатаў і Канады. А калі ў Менску будзе 3-я гадзіна ночы зь нядзелі на панядзелак, у Солт-Лэйк Сіты пачнецца ўрачыстая цырымонія закрыцьця Алімпіяды.

Наступная – ХХ-ая зімовая Алімпіяда адбудзецца праз 4 гады ў італьянскім горадзе Турыне. А на правядзеньне зімовай Алімпіяды 2010 году падалі заяўкі восем гарадоў сьвету – сталіца Андоры Андора-ла-Вэлья, Бэрн (Швэйцарыя), Харбін (Кітай), Хака (Гішпанія), П’ёнчан (Карэя), Зальцбург (Аўстрыя), Сараева (Босьнія і Герцэгавіна) і Ванкувэр (Канада).
XS
SM
MD
LG