Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЫНІКІ 14-ГА ДНЯ ЗІМОВАЙ АЛІМПІЯДЫ


*** Першымі спаборніцтвамі ўчора была лыжная эстафэта ў жанчын 4 па 5 кілямэтраў. Залатыя мэдалі заваявалі лыжніцы Нямеччыны. Другімі былі нарвежкі, на трэцім месцы – каманда Швэйцарыі. Каманда беларускіх лыжніц заняла 5-е месца, абыйшоўшы італьянскую каманду, за якую на заключным этапе бегла алімпійская чэмпіёнка Стэфанія Бэльмонда. Перад пачаткам эстафэты адбыўся чародны скандал. Да спаборніцтваў не дапусьцілі каманду Расеі, якая лічылася прэтэндэнтам на залатыя мэдалі. За 15 хвілін да старту было абвешчана пра дыскваліфікацыю, прычынай якое сталася павышанае ўтрыманьне гемаглябіну ў крыві Ларысы Лазуцінай.

*** У гіганцкім слаламе ў мужчын перамог аўстрыец Штэфан Эбэргартэр, на другім месцы – амэрыканец Боўд Мілер, бронзу заваяваў нарвэжац Ласэ К’юс.

*** Закончыўся жаночы хакейны турнір. Алімпійскае золата заваявалі канадыйкі, на другім месцы – каманда Злучаных Штатаў, на трэцім – Швэцыя.

*** У спаборніцтвах у керлінгу сярод жанчын першае месца заняла каманда Шатляндыі, якая выступае на Алімпіядзе пад сьцягам Вялікабрытаніі. Срэбра дасталася швэйцаркам, на трэцім месцы – каманда Канады.

*** Зусім нядаўна закончыліся спаборніцтвы фігурыстак у вольнай праграме. Золата заваявала амэрыканка Сара Г’юз. Беларуска Юлія Салдатава - на 18-м месцы.

*** На гэты момант у неафіцыйным камандным заліку паводле колькасьці заваяваных залатых мэдалёў наперадзе каманды Нямеччыны і Нарвэгіі – па 10 залатых узнагародаў, за імі ідуць Злучаныя Штаты – 9. Немцы маюць найбольшую колькасьць мэдалёў розных гатункаў – 32. 19 краінаў ужо здабывалі золата. А разам мэдалі рознай вартасьці атрымлівалі 25 краінаў. Беларусь мае 1 бронзавы мэдаль.

* Сёньня ў праграме алімпіяды пройдуць гэткія спаборніцтвы: - Горныя лыжы: слалам-гігант у жанчын - Керлінг: фінал і матч за 3-яе месца ў мужчын - Двухборства: лыжны спрынт на 7,5 кілямэтраў - Канькі: забег на 10000 мэтраў у мужчын - Бабслей: папярэднія заезды чацьвёрак - і ўрэшце - Хакей: паўфіналы ў мужчын – а 21-ай гадзіне паводле менскага часу пачнецца матч Беларусь-Канада, а а 1 гадзіне 15 хвілін – Расея-ЗША
XS
SM
MD
LG