Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫНІКІ 13-ГА ДНЯ ЗІМОВАЙ АЛІМПІЯДЫ


*** Зборная Беларусі ў хакеі ў чвэрцьфінальным матчы перамагла Швэцыю - адну з самых моцных хакейных камандаў сьвету зь лікам 4:3. Каманда, якая на заключным этапе лічылася аўтсайдэрам, перамагла асноўных прэтэндэнтаў на залаты мэдаль. Беларусь увайшла ў чацьвёрку наймацнейшых камандаў 19-х зімовых Алімпійскіх гульняў.

Лік у гульні адкрыў швэд Лідстром на 4-й хвіліне, праз тры хвіліны шайбу ў адказ закінуў беларус Раманаў. Яшчэ празь дзьве хвіліны зборная Беларусі выйшла наперад пасьля дакладнага кідку Дудзіка. 1-ы пэрыяд закончыўся зь лікам 2:1 на карысьць Беларусі. У другім пэрыядзе на 11-й хвіліне швэды зраўнялі лік. Шайбу закінуў Нюландэр. На 3-й хвіліне трэцяга пэрыяду Кавалёў вывеў каманду Беларусі наперад 3:2. Але ўжо праз пяць хвілінаў лік зноў стаў роўным пасьля шайбы, закінутай адным з самых выніковым хакеістаў на гэтай Алімпіядзе Матсам Сундынам. На 18 хвіліне Беларусь зноў наперадзе пасьля дакладнага кідка Копаця. Калі заставалася да канца гульні меней за 1 хвіліну, швэды вывелі з гульні брамніка. Шэсьць швэдаў змагаюцца з пяцьцю беларусамі, спрабуючы ў адчаі ўратаваць гульню. Беларусы выстаялі. 4:3. Зборная Беларусі выбівае з турніру фаварыта, каманду, якая дагэтуль не спазнала на гэтай Алімпіядзе ніводнай паразы. Беларусь выйшла ў паўфінал, а гэта значыць забясьпечыла ў выніковай табліцы як найменей 4 месца.

*** А вось зь якімі загалоўкамі выйшлі сёньняшнія швэдзкія газэты: Aftonbladet. «Поўнае фіяска Трох Каронаў», Матс Сундын: «Мы проста гулялі недастаткова добра» «Эпахальная алімпійская параза Швэцыі: Панкоў зьбіў Швэцыю зь сярэдняй лініі». Expressen: «3-4 – гэтага проста ня мусіла адбыцца...» Томмі Сала - «Было цяжэй, чым у Нагана...» Харды Нільсан: «Я жахліва расчараваны». Goteborgs-Posten: «Параза, якую ніхто ня зможа растлумачыць». Svenska Dagbladet: «Копаць пасьля разгрому Трох Каронаў: Цяпер я веру ў цуды». Sydsvenska Dagbladet: «Сала зрабіў памылку ўсяго свайго жыцьця»

*** Аднак вернемся ад чвэрцьфіналаў хакейнага турніру. Наступнымі выйшлі на лёд каманды Чэхіі і Расеі. У цяжкой барацьбе перамаглі расейцы зь лікам 1:0, адпомсьціўшы за паразу з такім самым лікам у фінале папярэдняй алімпіяды ў Нагана.

*** У трэцім учорашнім чвэрцьфінале гаспадары Алімпіяды – каманда Злучаных Штатаў – гуляла з камандай Нямеччыны. Гульня закончылася безь нечаканасьцяў – даволі лёгкай перамогай амэрыканцаў – 5:0.

*** Урэшце, у гэтыя хвіліны працягваецца апошні чвэрцьфінальны матч, у якім выявіцца супернік беларускай каманды ў паўфінале. У матчы Фінляндыя – Канада заканчаваецца другі пэрыяд, лік – 1:0 на карысьць Канады.

*** Учора завершыліся апошнія спаборніцтвы ў біятлёне – мужчыны выступалі ў эстафэце чатыры па сем з паловай кілямэтраў. Беларусь заняла 8 месца. Перамагла каманда Нарвэгіі. Срэбра ў біятляністаў Нямеччыны, бронза – у каманды Францыі. А зараз коратка пра тое, як праходзілі дыстанцыю беларусы. Каманда выйшла на старт трэцяй, усьлед за біятляністамі Нарвэгіі і Аўстрыі. Першыя два этапы эстафэты дзявятымі закончылі адпаведна Аляксей Айдараў і Аляксандар Шыман. Алег Рыжанкоў пасьля трэцяга этапу перадаў эстафэту Вадзіму Сашурыну восьмым. Урэшце Вадзіму Сашурыну ўдалося захаваць гэтую пазыцыю. Прычынаю ня надта ўдалага выступу беларускіх біятляністаў была недакладная стральба.

*** Канькабежкі выйшлі ўчора на дыстанцыю 1500 мэтраў. Перамагла ў спаборніцтве, палепшыўшы ўсясьветны і алімпійскі рэкорд, немка Ані Фрызінгер. Гэта быў ужо шосты ўсясьветны рэкорд, усталяваны канькабежцамі на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк Сіты. Беларуска Сьвятлана Чапельнікава заняла 34-е месца.

*** Завершыліся спаборніцтвы ў гарналыжным спорце. Жанчыны выступалі ў слаламе. Перамагла харватка Яніца Кастэліч, якая і была фаварытам у гэтай дысцыпліне. Гэта ейны трэці мэдаль на Алімпіядзе ў Солт Лэйк Сіты, раней яна атрымала золата ў камбінацыі і срэбра ў супэр-гіганце.

*** Урэшце, за мэдалі ўчора змагаліся і птрадстаўнікі скелетону – спорту, які пасьля даўгога перапынку вярнуўся ў праграму Алімпійскіх гульняў. У мужчынаў золата заваяваў амэрыканец Джым Шэй, у жанчын – таксама амэрыканка Трыстан Гэйл.

На дадзены момант у табліцы мэдалёў на першым месцы знаходзіцца Нарвэгія, у скарбонцы якой 10 залатых узнагародаў. Акрамя таго нарвэсцы заваявалі шэсьць срэбных і 2 бронзавыя мэдалі. Учора яны пасунулі на другую пазыцыю нацыянальную алімпійскую каманду Нямеччыны, якая мае на адзін залаты мэдаль менш. Але немцы на спартовых пляцоўках Солт Лэйк Сіты сабралі ажно 31 узнагароду розных гатункаў. Алімпійцы Злучаных Штатаў на сваім рахунку ужо маюць 25 мэдалёў, зь іх – 8 залатых. На сёньняшні дзень спартоўцы 25-х краінаў заваявалі мэдалі.

* Сёньня ў праграме алімпіяды пройдуць гэткія спаборніцтвы: - лыжы – эстафэта 4х5 кілямэтраў сярод жанчын; - двухборства – лыжныспрынт; - керлінг – фінал і матч за 3-е месца сярод жанчын; - горныя лыжы – гіганцкі слалам у мужчын; - фігурнае катаньне – вольная праграма ў жанчын; - хакей – фінал і матч за 3-е месца ў жаночым турніры
XS
SM
MD
LG