Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЫНІКІ СПАБОРНІЦТВАЎ, 17 ЛЮТАГА


ВЫНІКІ СПАБОРНІЦТВАЎ, 17 ЛЮТАГА 17 лютага спартоўцы разыгралі 5 камлектаў мэдалёў.
ГАРНАЛЫЖНЫ СПОРТ. У супергіганцкім слаламе спаборнічалі жанчыны. Вялікай нечаканасьцю стала перамога італьянкі Даніэлы Цэкарэлі. Перадусім ужо таму, што гэтая перамога сталася ўвогуле ейнай першай перамогай на афіцыйных спаборніцтвах дый у Солт Лэйк Сіты яна дэбютавала на Алімпійскіх Гульнях. Пасьля старту шчасьлівая пераможца сказала, што пра ўзнагароду і ня думала, проста старалася, як мага хутчэй зьехаць уніз, Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна харватка Яніца Кастэліч і яшчэ адна італьянка Карэн Пуцэр. Не ўдалося падняцца на п’едыстал аўстрыячцы Рэнаце Гётшль, якая лічылася фаварыткай. Яна заняла толькі восьмае месца.
ЛЫЖЫ. Учора нацыянальныя каманды разыгралі мэдалі ў эстафэце – чатыры па дзесяць кілямэтраў. Гонка адбывалася вельмі эмацыйна. Да апошняга моманту барацьбу вялі італьянцы і нарвэсцы, пра што і засьведчыў вынік. Толькі на тры дзесятыя сэкунды апярэдзіла канкурэтаў каманда Нарвэгіі. Бронза ў дружыны Нямеччыны. У гэтым відзе спаборніцтваў брала ўдзел і каманда Беларусі, вынік – апошняе 15-е месца.
У КАМАНДНЫМ ДВУХБОР’І залаты мэдаль выйгралі заваявалі фіны, срэбны – немцы, бронзавы – аўстрыйцы. Каманда Фінляндыі не дала забраць у сябе перамогу і ўтрымала перавагу, якую здабыла ў суботнім спаборніцтве ў скоках з трампліну. І гэта асабліва важна, бо фіны традыцыйныя лідэры на трампліне, а ў лыжных гонках маюць праблемы.
БАБСЬЛЕЙ. Першы нямецкі экіпаж у складзе Крыстофа Лангена і Маркуса Зымермана атрымаў перамогу ў спаборніцтвах двоек. Срэны і бронзавы мэдалі заваявалі экіпажы са Швайцарыі. Нямецкі бабсьлест Крыстоф Ланген атрымаў свой другі алімпійскі залаты мэдаль. Чатыры гады таму ў Нагана ён сьвяткаваў трыўмф у чацьвёрках.
КАНЬКІ. Залаты мэдаль за перамогу на дыстанцыі 1000 мэтраў атрымала амэрыканнка Крыс Уіцьці. Цяпер ёй належаць усясьветны і алімпійскі рэкорды. Яна фінішавала з вынікам – 1 хвіліна, 13 і 83 сотых сэкунды. Другое месца заняла немка Сабінэ Фолькер. Менавіта ёй належыў мінулы рэкорд, і быў ён на дваццаць тры сотых сэкунды горшым. Немка ў Солт Лэйк Сіты прабегла хутчэй за свой мінулы выдатны рэкорд, але амэрыканка была яшчэ лепшай гэтым разам. Трэці вынік паказала таксама амэрыканская спартоўка -– Джэніфэр Радрыгес. Лепшай сярод беларускіх удзельніц была Анжэліка Кацюга. Яна заняла 12 месца, адстаўшы ад пераможцы на 1 ідзьве дзесятыя сэкунды. Яшчэ адна беларуска – Сьвятлана Радкевіч – заняла 33-е месца з 35 удзельніц спаборніцтваў.
ХАКЕЙ. Працягваюцца гульні ў мужчынскім і жаночым хакеі. Напачатку пра вынікі гульняў мужчынскіх зборных. Уражвае ўпэўненая гульня швэдаў, якія атрымалі другую перамогу на турніры. Гэтым разам – над алімпійскімі чэмпіёнамі Нагана, чэхамі зь лікам 2:1. Тым самым зборная Швэцыя заваявала першае месца ў групе “С”. У другім нядзельным матчы ў гэтай групе Канада перамагла Нямеччыну – 3:2. У жаночым турніры ўчора Нямеччына перамагла Казахстан – 4:0. У матчы Расея – Кітай зафіксаваны лік быў 4:1.
ФІГУРНАЕ КАТАНЬНЕ. Працягваюць спаборніцтвы танцавальныя пары. Пасьля выкананьня арыгінальнага танцу наперадзе дуэт з Францыі Марына Анісіна – Гвандаль Пэзра. Яны спаборнічаюць за золата з расейцамі Ірынай Лабачовай Ільлём Авэрбухам.
Перад сёньняшнімі стартамі ў неафіцыйным камандным заліку наперадзе каманда Нарвэгіі. З трынаццаці мэдалёў, заваяваных нарвэжскімі спартоўцамі, -- 8 залатых. Аж на дзевяць мэдалёў больш здабыла дружына Нямеччыны, але залатых – толькі шэсьць. Па чатыры залатыя мэдалі ў камандаў ЗША і Расеі. Але, паколькі амэрыканцы маюць больш срэбных (7), то ў табліцы неафіцыйнага каманднага заліку яны стаяць на трэцяй пазыцыі. 17 камандаў ужо заваёўвалі залатыя мэдалі.
Зь сёньняшніх стартаў вылучым найперш фінальныя спаборніцтвы фрыстайлістак з акрабатычнымі скокамі. Тут Беларусь мае пэўны шанец на мэдаль. Спадзяваньні на Алу Цупер, якая ў кваліфікацыі заняла трэцяе месца. Спаборніцтвы распачынаюцца а 21-й гадзіне паводле менскага часу. Паўгадзінай раней стартуе каманда беларускіх біятляністак у эстафеце чатыры па сем з паловай кілямэтраў. А першымі зь беларускіх алімпійцаў распачынаюць сёньняшні дзень спаборніцтваў хакеісты. Беларусь гуляе са Злучанымі Штатамі. Матч распачынаецца а 20-й гадзіне паводле менскага часу.
А ўчора ўвечары адбылася цырымонія ўручэньня залатых медалёў у фігурным катаньні спартовай пары з Канады Джэймі Сэйл і Дэйвіду Пэлэцьеру. Мінулым панядзелкам канадыйская пара заняла другое месца. Расейскай парай –Елене Беражной і Антону Сіхарулідзэ—судзьдзі аддалі першае месца, што выклікала бурныя пратэсты як з боку канадыйскіх спартоўцаў, гэтак і публікі. У пятніцу арганізатары Алімпіяды скасавалі адзнаку французкага судзьдзі і вырашылі ўручыць залатыя мэдалі і расейцам, і канадыйцам. Судзьдзя прызнала, што на яе аказвалі ціск, каб вышэй ацаніла расейскую пару. Берэжная і Сіхарулідзэ пагадзіліся з рашэньнем Міжнароднага Алімпійскага Камітэту. Тым часам, віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Валянціна Мацьвіенка зганіла, як яна сказала, гэтае скандальнае рашэньне, заявіўшы, што арганізатары Алімпіяды пазайздросьцілі расейскім спартовым посьпехам.
Француз Рафаэль Пуарэ і нарвэжка Лів Грэтэ Пуарэ зьяўляюцца першай у гісторыі алімпійскіх гульняў сямейнай парай, якія здабылі мэдалі для розных краінаў. Муж і жонка выступаюць у біятлёне. Лів Грэтэ заваявала срэбны мэдаль у панядзелак на дыстанцыі 15 кілямэтраў, а ейны муж Рафаэль у суботу ў гонцы зь перасьледам на дванаццаць з паловай кілямэтраў. Муж і жонка падкрэсьліваюць, што іхнае жыцьцё, гэта ня толькі біятлён. Яны любяць кіно і адпачынак на сьвежым паветры. Свае выдатныя посьпехі тлумачаць тым, што разам трэніруюцца.
Амэрыканец Крыс Клуг, які ў пятніцу заваяваў бронзавы мэдаль у сноўбоўрдзе, упаралельным слаламе, зьяўляецца яшчэ адным прыкладам таго, што пры дапамозе спорту можна перамагчы нават найцяжэйшую хваробу. У дзьвюхтысячным годзе Клуг меў апэрацыю перасадкі вантробы. Пасьля цяжкой апэрацыі пачалося змаганьне за жыцьцё. Дваццацідзевяцігадовы спартовец прымаў вялікую колькасьць лекаў, каб арганізм не адрынуў новы ворган. Крыс Клуг кажа , што ўзорам і натхненьнем для яго быў амэрыканскі гоншчык на ровэры Лэнс Армстронг, які пасьля апэрацыі на рак, тройчы перамагаў на прэстыжным “Тур дэ Франс”. Хаця Клуг заняў усяго трэцяе месца, на ягоную прэсавую канфэрэнцыю прыйшла рэкордная колькасьць журналістаў. Абодва спартоўцы сустрэліся падчас цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх Гульняў.
XS
SM
MD
LG