Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫНІКІ СПАБОРНІЦТВАЎ, 16 ЛЮТАГА


ВЫНІКІ СПАБОРНІЦТВАЎ, 16 ЛЮТАГА
Сёньняшні дзень вызначыўся шэрагам бліскучых перамогаў і выдатных вынікаў, якія ўжо сталі здабыткамі гісторыі спорту.
*** Тры залатыя мэдалі на адной Алімпіядзе -- гэта першы такі выпадак за ўсю гісторыю зімовых алімпійскіх гульняў. Героем стаў знакаміты нарвэскі біятляніст Оле-Эйнар Б’ёрндален. Сёньня ён перамог у гонцы зь перасьледам на 12 з паловай кілямэтраў. На другім месцы быў француз Рафаэль Пуарэ, на трэцім – немец Рыка Грос. А вось вынікі беларускіх біятляністаў: Вадзім Сашурын фінішаваў 10-тым, Алег Рыжанкоў – 20-тым, а Аляксей Айдараў і Аляксандар Шыман падзялілі 43-44 месцы.
*** Галянцкі канькабежац Герард Ван Вэльдэ пабіў усясьветны і алімпійскі рэкорды на дыстанцыі 100 мэтраў. Ягоны вынік – 1 хвіліна 7 і 18 сотых сэкунды. Другое месца ў ягонага суайчыньніка Яна Боса, трэцяе – у амэрыканца Джоя Чэка. Беларусы Ігар Макавецкі і Аляксей Хатылёў адпаведна на 41-м і 42-м месцах.
*** Яшчэ адна эфэктная перамога. У спаборніцтвах у супэргіганцкім слаламе свой другі залаты мэдаль у Солт Лэйк Сіты заяваяў нарвэскі гарналыжнік К’етыль Андрэ Омат, дадаўшы тытул алімпійскага чэмпіёна ў супэргіганцкім слаламе да сваіх 16-ці мэдалёў, заваяваных на алімпіядах і чэмпіянатах сьвету. Другое і трэцяе месца занялі адпаведна аўстрыйцы Штэфан Эбэргартэр і Андрэас Шыфэрэр.
*** На дыстанцыі 10 кілямэтраў зь перасьледам сёньня змагаліся за мэдалі біятляністкі. Алімпійскае золата заваявала прадстаўніца Расеі Вольга Пылева, на другім месцы немка Каці Вільгельм, на трэцім – баўгарка Ірына Нікульчына. Беларуска Вольга Назарава была 11-я, Яўгенія Куцапалава –28-ая, Алена Хрусталёва – 30-ая.
*** Сёньня адбыліся першыя старты беларускіх фрыстайлістаў. Пасьля двух кваліфікацыйных скокаў у акрабатыцы сярод жанчын наперадзе швэйцарка Эвэлін Лёй, на другім месцы – аўстралійка Аліса Кэмплін, на трэцім – беларуска Ала Цупер. Яшчэ адна беларуска – Асоль Сьлівец – заняла 13 месца і ня трапіла ў фінал. Фінальныя спаборніцтвы адбудуцца ў панядзелак.
*** Сёньня на трасу акрабатычных скокаў выйшлі і мужчыны. Вынікі, якія былі паказаныя ў часе гэтых відовішчных спабоніцтваў беларускімі спартоўцамі, пасяляюць надзеі на мэдалі. Усе тры прадстаўнікі Беларусі прайшлі кваліфікацыю, патрапілі ў сьпіс 12-ці тых, хто будзе ў аўторак змагацца за мэдалі. Больш таго, сёньня Аляксей Грышын ня меў сабе роўных. Ён заняў першае месца, пятым быў Дзьмітры Рак, Дзьмітры Дашчынскі, які ў першым скоку няўдала прызямліўся, – 12-м.
***Беларуская зборная каманда ў хакеі сёньня не змагла аказаць супраціву хакеістам Фінляндыі і прайграла – 1:8. У гэтай жа групе зараз гуляецца матч паміж камандамі ЗША і Расеі. Пасля першага пэрыяду -- лік 0:0.
*** У камандных спаборніцтвах двухборцы выступалі на 90-мэтровым трампліне. Наперадзе была каманда Фінляндыі, на другім месцы – аўстрыйцы, на трэцім – амэрыканцы.
*** Працягваюцца спаборніцтвы ў керлінгу. На сёньняшні дзень наперадзе каманда Канады, на другім месцы – Нарвэгія, далей ідуць Нямеччына, Швэцыя, Фінляндыя і Швэйцарыя.
***Неафіцыйны камандны залік. Біятляніст Оле-Эйнар Б’ёрндален сёньняшнім сваім залатым медалём вывеў на першае месца каманду Нарвэгіі. З 12 заваяваных спартоўцамі гэтай краіны мэдалёў – 7 залатых і 5 срэбных. Другі радок у табліцы займае Нямеччына – 5 залатых, 8 срэбных, 5 бронзавых. На трэцяй пазыцыі каманда Расеі – 4 залатых, 4 срэбных і 2 бронзавых. Залатыя мэдалі маюць 15 краінаў. Беларусь пакуль што ня мае ніводнай узнагароды.
***Тым часам, прэзыдэнт Нацыянальнага Алімпійскага камітэту Нямеччыны Вальтэр Трэгэр выказаўся за скарачэньне часткі спартыўных дысцыплінаў на зімовых Алімпійскіх Гульнях. Такі крок меў бы рацыю, -- заявіў ён у інтэрвію адной зь нямецкіх радыёстанцыяў, -- паколькі ён не зрабіў бы шкоды алімпіядам. Ён не ўдакладніў, якія дысцыпліны мае на ўвазе, але сказаў, што іх павелічэньне ўжо не пад сілу арганізатарам гульняў. А віцэ-прэзыдэнт Міжнароднага Алімпійскага Камітэту, расеец Віталь Сьмірноў сказаў, што павелічэньне аліпійскіх дысцыплінаў было зробленае дзеля таго, каб адсунуць Расею ад п’едэсталу. У выніку, лічыць Сьмірноў, канкурэнцыя ў традыцыйных дысцыплінах вырасла, а новыя віды спорту расейцы не засвоілі.
***Міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд у панядзелак выпраўляецца ў Солт Лэйк Сіты, каб паглядзець спаборніцтвы Алімпіяды. Ён ня першы з высокіх амэрыканскіх палітыкаў, хто наведае гульні. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, які браў удзел у адкрыцьці Алімпіяды, нават зацьвердзіў сьпіс афіцыйнай амэрыканскай дэлегацыі на спаборніцтвах. У яе, у прыватнасьці, увайшлі дзяржсакратар Колін Паўэл і шэраг міністраў.
*** Першыя страты панесла швэцкая лыжная алімпійская зборная. У мужчынскай лыжнай эстафеце 4 па 10 кілямэтраў ня возьме ўдзелу , бо прастудзіўся, адзін зь лідэраў Пэр Элафсон.
XS
SM
MD
LG