Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны зімовай алімпіяды ў вечаровай праграме 15 лютага


*** Сёньня ў Солт-Лэйк-Сіты ў рамках турніру наймацнейшых хакейных камандаў быў згуляны першы матч - Беларусь-Расея . Матч закончыўся перамогай расейскіх хакеістаў зь лікам 6-4.

*** Сёньня адбыліся спаборніцтвы сярод лыжніц у забегу зь перасьледам 5 кілямэтраў клясычным стылем і 5 кілямэтраў вольным. Алімпійскае золата заваявала расейская лыжніца Вольга Данілава, на другім месцы – яе суайчыньніца Ларыса Лазуціна, на трэцім – канадыйка Бэкі Скот. Беларуска Вера Зяцікава заняла 34 месца, Натальля Зяцікава – 36-ае.

*** Алімпійскае золата сёньня разыгралі саначнікі ў спаборніцтвах двоек. Выйграла нямецкая пара Патрык-Фрыц Ляйтнэр і Аляксандэр Рэш. Срэбра і бронза – у амэрыканскіх спартоўцаў.

*** Сёньня таксама адбыліся фіналы спаборніцтваў сноўбарду ў гіганцкім паралельным слаламе. Сярод жанчын найлепшаю была францужанка Ізабэль Блян, а ў мужчынаў перамог прадстаўнік Швэйцарыі Філіп Шох.

*** Прэзыдэнт Міжнароднага Алімпійскага Камітэту Жак Роге абвясьціў, што канадыйская пара фігурыстаў Джэймі Сэйл і Давід Пэлецье таксама атрымаюць залатыя мэдалі, як і расейская пара Алена Беражная і Антон Сіхарулідзэ. Раней сёньня міжнародны спартовы арбітражны суд пастанавіў пачаць расьсьледаваньне ў спрэчкі наконт судзейства ў спаборніцтвах спартовых параў.

*** Ніяк не закончыцца гісторыя з правалам на алімпіядзе славацкай хакейнай каманды. Васемнаццаць славацкіх хакеістаў, якія выступаюць у НХЛ, даслалі адкрыты ліст кіраўніцтву НХЛ, міжнароднай хакейнай фэдэрацыі і прэзыдэнту Міжнароднага алімпійскага камітэту. У лісьце яны выказалі неспакой з прычыны сытуацыі, якая склалася вакол папярэдняга этапу хакейнага турніру Алімпіяды. На іх думку, з-за неканструктыўнай пазыцыі НХЛ у пытаньні пра допуск на Гульні хакеістаў, што выступаюць за свае нацыянальныя каманды, «Славаччына (патэнцыйна – адна з наймацнейшых камандаў) выступіла ня ў поўную сілу». Паводле славакаў, гэтым быў парушаны адзін з найгалоўнейшых прынцыпаў алімпійскага руху – роўныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў незалежна ад іх нацыянальнай, геаграфічнай і палітычнай прыналежнасьці. Славацкія хакеісты запрапанавалі функцыянэрам з НХЛ, Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі і Міжнароднага алімпійскага камітэту сабрацца і вырашыць гэтае пытаньне, каб пазьбегнуць такіх казусаў у будучыні.

*** Алімпійскія гульні дазваляюць спартоўцам ня толькі прадэманстраваць свае здольнасьці і заваяваць мэдалі, але й даюць шанец добра зарабіць. Рэкордна высокія грашовыя прэміі чакаюць спартоўцаў Беларусі. За кожны залаты мэдаль ім паабяцана па 69 тысячаў 300 эўра. Нягледзячы на эканамічныя праблемы, шчодрыя ўзнагароды гатовыя выплацціць алімпійцам Расея і Ўкраіна – залатых мэдалістаў чакаюць адпаведна 58 і 55 тысячаў эўра. Някепскія грішы вызначаныя прадстаўнікам Баўгарыі (51 тысяча) і Італіі (38 тысячаў эўра). За імі ідуць Злучаныя Штаты – іх пераможцы атрымаюць па 28 тысячаў эўра – на 8 тысячаў болей, чым у Нагана. Нямецкі фонд дапамогі спорту выплочвае залатым мэдалістам па 15 тысячаў, срэбным – па 10 і бронзавым – на 7 з паловай тысячаў эўра. Пасьля першых пяці дзён спаборніцтваў каса фонду ўжо апусьцела на 135 тысячаў эўра. Цікава, што краіны, дзе зімовыя віды спорту традыцыйна карыстаюцца найбольшай папулярнасьцю ­ Швэцыя і Нарвэгія ­ зусім не выплачваюць грашовых прэміяў. Скандынавы тлумачаць гэта тым, што пераможцы зімовых спортаў у гэтых краінах карыстаюцца вялізнай папулярнасьцю і цікавасьцю з боку спонсараў.

*** Восем удзельнікаў зімовай алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіты спаборнічалі і на летняй алімпіядзе. Найбольш такіх сярод бабслеістаў. Італьянская бабслеістка Антанэла Бэлюты і канадыйская канькабежка Клара Г’юз бралі ўдзел нават у дзьвюх летніх алімпіядах – у 1996 і 2000 гадох. Абедзьве выступалі ў велагонках. Харвацкі бабслеіст Ігар Бараскі ў Сыднэі спаборнічаў у веславаньні. Ангелец Фіпіл Гарыс і аўстрыец Мартын Шутцэнаўэр – таксама бабслеісты – займаюцца яшчэ й лёгкай атлетыкай. Чэская лыжніца Катаржына Нойманава ў Атланце ўдзельнічала ў спаборніцтвах на горных ровэрах. Кнадыйская хакеістка Чайлі Вікенгайзэр у Сыднэі гуляла за каманду ў софтболе. Урэшце амэрыканскі канькабежац Крыс Уіты ў Сыднэі таксама езьдзіў на ровэры.

*** Заўтра пачнуцца кваліфікацыйныя спаборніцтвы фрыстайлістаў, дзе беларускія спартоўцы фігуруюць сярод галоўных прэтэндэнтаў на мэдалі. Як паведаміў агенцтву БелаПАН па тэлефоне з Солт-Лэйк-Сіты прэс-аташэ Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Пётр Рабухін, Дзмітрый Дашчынскі паступова набірае форму пасля атрыманага напачатку лютага закрытага пералому ключыцы. 11 лютага спартовец прыступіў да трэніровак. Спачатку ён выконваў простыя сальта, а цяпер перайшоў на падвойныя. "У тым, што Дашчынскі выступіць на Алімпіядзе, няма амаль ніякіх сумненняў", - заявіў прэс-аташэ.
XS
SM
MD
LG