Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫНІКІ 6-ГА ДНЯ АЛІМПІЯДЫ


НАВІНЫ 19-Х ЗІМОВЫХ АЛІМПІЙСКІХ ГУЛЬНЯЎ У СОЛТ ЛЭЙК СІТЫ. Першымі выйшлі на старт скакуны зь вялікага, 120-мэтровага трампліну. У спаборніцтве перамог швайцарац Зіман Анан. Другое месца заняў знакаміы паляк Адам Малыш. Да апошняй спробы тут пяршэнстваваў немец Свэн Ханавольд, якога ў рашаючым скоку падвяло прызямленьне. І тым самым згубіў шанец на мэдаль. На трэцюю пазыцыю выйшаў фін Маці Хуатамякі.

Учора быў вялікі дзень у біятлёне. Камплекты ўзнагародаў разыгрывалі і мужчыны, і жанчыны ў спрынтарскіх гонках. На жаль, гэты дзень ня стаў вялікім для беларускіх біятляністаў. Сярод мужчынаў меў трыўмф нарвежац Оле Эйнар Б’ёрндален. Ён перамог на дыстанцыі 10 кілямэтраў і заваяваў другое золата ў Солт Лэйк Сіты. Перад тым ён перамог на дыстанцыі 20 кілямэтраў. Лепшым сярод беларусаў быў Алег Рыжанкоў – 11 месца. Усьлед за ім у выніковай табліцы – вынік Вадзіма Сашурына. 37-ы вынік паказаў Аляксей Айдараў. На 56-й пазыцыі Аляксандар Шыман.

Празь дзьве з паловай гадзіны стартавалі жанчыны на дыстанцыі 7.5 кілямэтраў. Перамагла цяперашняя чэмпіёнка сьвету – немка Каця Вільгельм, якая апярэдзіла сваю суайчыньніцу Ушы Дзізэль і швэдку Магдалену Форсбэрг. Залаты мэдаль Вільгэльм ёсць ужо другім каштоўным здабыткам нямецкай жаночай каманды біятляністак на гэтых гульнях.Вольга Назарава зь Беларусі фінішавала з 14-м вынікам. Алена Хрусталёва – на 33-м месцы. Яўгенія Куцяпалава была 44-й. Ксенія Зікункова паказала яшчэ горшы вынік – 65-ы радок у турнірнай табліцы.

У гарналыжным спорце разыгрывалі мэдалі ў альпійскай камбінацыі (хуткасны спуск і слалам) мужчыны. Перамог нарвэжац К’еціл-Андрэ Омодт, які нязначна, толькі на дваццаць восем сотых сэкунды, апярэдзіў прадстаўніка гаспадароў гульняў Бода Мілера. Нарвэскі альпіец заваяваў свой шосты мэдаль у гісторыі стартаў на алімпійскіх гульнях. А ўвогуле ён разам з мэдалямі на чэмпіянатах сьвету мае 16 узнагародаў. Гэта самы высокі вынік у гісторыі лыжнага спорту.

Нямецкая зборная ўчора сьвяткавала соты залаты мэдаль за гісторыю ўдзелу ў зімовых алімпійскіх гульнях. Яго заваявала Ота Сыльке, якая перамагла ў санным спорце – зьезд на санях-адзіночках. Дарэчы ўвесь п’едыстал быў заняты немкамі.

У апошніх у сераду фінальных спаборніцтвах у сераду – жаночым шорттрэку на дыстанцыі 1500 мэтраў – залаты і срэбны мэдалі атрымалі дзьве спартоўкі з Паўдзённай Карэі: Гі Хыун і Эун-Кыунг Хоі. Мела намер выступіць у гэтай дысцыпліне і беларуска Юлія Паўловіч, але не прайшла кваліфікацыі.

Зь іншых спаборніцтваў, якія адбылваліся ў 6 дзень Алімпіяды, адзначым два хакейныя матчы ў групе Б папярэдняга турніру. Вынікі іх ужо нічога ня вызначалі, бо Беларусь ранейшымі перамогамі над зборнымі Ўкраіны і Францыі датэрмінова заваявала пуцёўку ў фінальны турнір. Учора беларусы прайгралі швайцарцам 1:2, украінцы абыгралі французаў 4:2. Ад групы А далей працягваць барацьбу будуць хакеісты Нямеччыны. Фінальны турнір распачынаецца заўтра. Каманда Беларусі сустракаецца са зборнай Расеі. Акрамя Расеі, зборная Беларусі ў фінальным турніры будзе гуляць зь Фінляндыяй і ЗША.

Учорашнімі дасягненьнямі Нарвэгія зрабіла моцную заяўку на агульнакамандную перамогу сёлета. Яна знаходзіцца на першым месцы ў табліцы паводле колькасьці здабытых залатых мэдалёў. Яна іх мае пяць і яшчэ тры срэбныя. Нямецкія алімпійцы маюць 4 залатыя мэдалі, 6 срэбных і 2 бронзавыя. Зь дзесяці мэадалёў, якія выйгралі Злучаныя Штаты, тры залатыя. Па два залатыя мэдалі маюць Фінляндыя, Італія, Швайцарыя. Залатыя мэдалі таксама маюць Расея, Аўстрыя, Францыя, Галяндыя, Эстонія, Паўдзённая Карэя, Гішпанія.

Але спорт ёсьць спортам. Ён нясе шмат нечаканасьцяў. Хоць з гэтым ня згодныя людзі, якія паводле сваёй працы больш давяраюць лёгіцы. Сярод шматлікіх прагнозаў, якіх не бракуе на Алімпіядзе вылучу адзін. Эканамісты з Гарвардзкага Унівэрсытэту Даніэл Джонсан і Айфэр Алі зрабілі свой прагноз, у якім падставай ёсьць ня талент спартоўцаў, а эканоміка, палітыка і клімат, а галоўным крытэрам – нацыянальны прыбытак краіны. Джонсан і Алі прагназуюць, што на Алімпіядзе ў Солт Лэйк Сіты мэдалі здабудуць прадстаўнікі 22 краінаў. На першым месцы будзе Нямеччына – 31 мэдаль, зь іх – 11 залатых. Расея – 22 (10 залатых), ЗША – 20 (7 залатых) Сярод фаварытаў таксама Нарвэгія, Аўстрыя і Фінляндыя. Пачакаем, ці збудзецца гэты прагноз. Але дадамо, што іхны прагноз на вынікі летніх алімпійскіх гульняў у Сыднэі спраўдзіліся на 96 адсоткаў.

Тым часам, узьнікаюць пэўныя нязгоды з судзействам на Алімпіядзе. Так, Міжнародны Зьвяз Канькабежцаў абвесьціў, што будзе расьследавацца судзейства адвольнай праграмы ў парным фігурным катаньні. Судзьдзі прысудзілі першае месца расейцам Алене Беражной і Антону Сіхарулідзэ. Аднак, была заўважнай недакладнасьць у выкананьні аднаго з элемэнтаў партнэрам. Чацьвёра судзьдзя, прадстаўнікоў краінаў былога сацыялістычнага лягеру, вінавацяцца ў неаб’ектыўнасьці. Іншыя чацьвёра судзьдзяў аддалі першае месца канадыйскай пары Джэймі Сэйл і Дэвіду Палецье.
XS
SM
MD
LG