Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі 4-га дня Алімпіяды


*Зборная Беларусі перамогай над зборнай Францыі зь лікам 3:1 завершыла свой другі матч папярэдняга турніру ў групе Б. Першую шайбу закінулі французы. Гэта зрабіў на 4-й хвіліне Марыс Разэнталь. Праз 4 хвіліны беларусы зраўнялі лік пасьля кідка Андрэя Расолькі. На перапынак каманды пайшлі зь нічыйным вынікам 1:1. Другі пэрыяд закончыўся на карысьць беларусаў. Адзіны гол забіў Уладзімер Цыплакоў. У трэцім пэрыядзе вызначыўся Зьміцер Панкоў. Крыху раней закончылася яшчэ адна гульня ў групе Б. Зборная Ўкраіны перамагла зборную Швайцарыі зь лікам 5:2. Такім чынам, Беларусь займае першае месца ў групе і ўжо практычна ЗАВАЯВАЛА ПРАВА ГУЛЯЦЬ У ФІНАЛЬНЫМ ТУРНІРЫ. Нават калі Ўкраіна пераможа ў сваім наступным матчы і набярэ чатыры ачкі, а Беларусь прайграе Швайцарыі, перавага застаецца за Беларусьсю, якая абыграла Ўкраіну 1:0.

*Пачаўся 4-ты дзень Алімпіяды спаборніцтвам саначнікаў – фінальнымі заездамі мужчынаў. Галоўным фаварытам быў немец Георг Гакль, які мог стацца першым спартоўцам, які заваяваў залаты мэдаль на чатырох алімпіядах запар. Аднак гэтым разам Гакль быў другі, а алімпійскае золата дасталася італьянцу Арміну Цэгелеру.

* За першы камплект мэдалёў змагаліся сёньня біятляністкі на дыстанцыі 15 кілямэтраў. Залаты мэдаль заваявала немка Андрэа Гэнкель. Вось як выступілі беларускі – Вольга Назарава заняла 6-тае месца, Ксенія Зікункова – 38-тае, Людміла Лысенка – 51-ае. Чацьвертая беларуская біятляністка – Людміла Ананка – да фінішу не даехала.

* Усьлед за жанчынамі на старт выйшлі мужчыны. Яны разыгралі мэдалі ў гонцы на 20 кілямэтраў. Перамог швэд Оле Эйнар Бьёрндален. Лепшым сярод беларусаў быў Вадзім Сашурын, які заняў 9 месца. Аляксей Айдараў на 17 месцы, 60-м прыйшоў да фінішу Рустам Валюлін.

* Канькабежны забег на 500 мэтраў у мужчынаў выйграў амэрыканец Кэйзі Фіцрандольф з новым алімпійскім рэкордам 34.42 сэкунды. Беларус Аляксей Хатылёў на 33-й пазыцыі. Усяго ў спаборніцтвах выступалі 38 спартоўцаў.

* Сёньня разыгралі мэдалі на адной з дысцыплінаў сноўборду – хафпайпе –мужчыны. Залаты мэдаль выйграў амэрыканец Рос Паўэрс. Срэбны і бронзавы мэдалі таксама заваявалі спартоўцы ЗША.

* Надвор’е ўнесла карэктывы ў праграму спаборніцтваў на горналыжнай трасе. Жанчыны меліся змагацца за мэдалі на трасе хуткага зьезду, але з-за моцнага ветру старт спачатку быў адкладзены на некалькі гадзінаў, а пасьля й зусім да заўтра.

* Сёньня на Алімпіядзе стартаваў жаночы хакейны турнір. Жаночы хакей на алімпійскіх гульнях зьявіўся ўпершыню чатыры гады таму ў японскім Нагана. У першым матчы канадыйскія хакеісткі разграмілі каманду Казахстану 7:0. Другі матч паміж Швэцыяй і Расеяй закончыўся зь лікам 3:2 на карысьць Швэцыі.

* Сёньня пачаліся спаборніцтвы ў кэрлінгу – спорту, які ўпершыню быў уключаны ў праграму алімпійскіх гульняў чатыры гады таму ў Нагана. Сёньня ўжо адбыліся чатыры матчы ў спаборніцтвах сярод мужчынскіх камандаў: Фінляндыя выйграла ў фаварыта – Даніі - 9:3, Нямеччына – у Францыі 9:5. Каманда ЗША перамагла швэдаў 10-5, а Канада – Брытанію 6-4. Сёньня адбудуцца яшчэ два колы спаборніцтваў. У жаночым турніры зафіксаваныя наступныя вынікі: Швэцыя – Канада 4:5, Вялікая Брытанія - Нарвэгія 10:6, Швэйцарыя – Данія 9:8, Расея – Нямеччына 5:8.

* Завершыліся спаборніцтвы параў з адвольнай праграмай у фігурным катаньні. Як і чакалася, золата заваявалі расейцы Беражная – Сіхарулідзэ.

* Паводле агульнай колькасьці заваяваных мэдалёў наперадзе Аўстрыя, Нямеччына, Злучаныя Штаты, якія маюць па 6 узнагародаў рознага кшталту. Па 2 залатыя мэдалі ў ЗША, Нямеччыны, Нарвэгіі, Італіі. Па адным мэдалі ў агульнай скарбонцы Аўстрыі, Фінляндыі, Нідэрляндаў, Швэйцарыі, Расеі і Гішпаніі.
XS
SM
MD
LG