Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Аднойчы я заўважыў нешта незвычайнае. Як бы мой бацька не сядаў за стол і ня еў – заўсёды пасьля яго заставаўся недаедзены кавалачак хлеба. Я памятаю, як на яго лаялася нават мама, таму што мы ніколі не былі разбэшчаныя тым, каб хлеба ў нас было многа.

Я ня мог зразумець доўгі час, што гэта такое. І нават не зразумеў гэтага тады, калі бацька мой пайшоў у нябыт. А вось аднойчы да мяне ў сьне прыйшла разгадка гэтага фэнамэну.

А справа ў тым, што мой бацька ў сваю бытнасьць, якая прыпала на нялёгкі час – ён быў вязьнем спачатку фашыстоўскіх, а потым савецкіх лягероў – заўсёды думаў пра тое, што ёсьць заўтрашні дзень, і трэба пакінуць нешта на заўтра. І яшчэ большае дзіва адбылося, калі я за сабой заўважыў: што я раптам таксама гэты кавалачак хлеба пакідаю на заўтрашні дзень. Для мяне гэта вельмі сумна.

Анатоль Жук, Менск

XS
SM
MD
LG