Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гэта гісторыя адбылася са мною ў месьце Горкі, у 1998 годзе. Я са сваім сябрам Дзям’янам сядзеў на лаўцы, мы гутарылі пра наш горад, пра жыхароў у ім, пра тое, што мала беларускага ў горадзе. У нас на вуліцах не размаўляюць на роднай мове. У нас дрэнна ставяцца да людзей, якія размаўляюць па-беларуску.

І мы вырашылі зь Дзям’янам, што нам трэба зладзіць невялікую акцыю, якая магла б прыцягнуць увагу жыхароў нашага гораду да таго, што ў гэтым месьце ёсьць людзі, якім не абыякавы лёс краіны, якім падабаецца беларуская мова.

Мы хацелі, каб да нас далучыліся яшчэ людзі. Мы ўзялі вялікі кавалак крэйды і ўвечары пайшлі на гарадзкі стадыён. Там звычайна ў нядзелі ў нас адбываюцца кірмашы. Гэта самае масавае мерапрыемства ў горадзе. Наш разьлік быў такі: калі мы распішам усё кола стадыёна патрыятычнымі надпісамі, людзі зьвернуць на гэта ўвагу, людзі гэта, можа, неяк адзначаць, і будзе рэакцыя.

Мы прыйшлі на месца і пачалі пісаць: “Наш сьцяг – бел-чырвона-белы”, “Наш герб – “Пагоня”, “Беларусь жыве вечна”.

Да позьняй начы мы займаліся гэтым. Позна вярталіся дахаты, узрушаныя і радасныя. Мы чакалі зь нецярплівасьцяй заўтрашняга дня.

Уранку я прачнуўся і пабег на стадыён, бо я ведаў, што крэйду змые дождж. Так яно й адбылося. Мутная вада плыла па асфальце, змываючы нашыя надпісы, змываючы нейкую надзею.

Але ўсё адно было прыемна, бо засталася вера ў тое, што не сыходзіць у зямлю дарма. І тая, напэўна, вада з нашай крэйдай, зносіць у зямлю, прапітае нейкае зерне, зь якога вырасьце добрае дрэва.

Ільля Заранок, Ворша

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG