Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Ня так даўно нашая сям’я адзначыла дзясятыя ўгодкі свайго існаваньня. На шчасьце, дагэтуль мы з мужам прыгадваем дзень вясельля з удзячнасьцю, але, на жаль, сьвята засталося толькі ў нашых успамінах – фотаздымкаў амаль не захавалася. Перадусім, мы самі неахайна паставіліся да справы захаваньня дакумэнтальнай сямейнай спадчыны. Ад паслугаў фотамайстра абое катэгарычна адмовіліся. Ну і тое праўда, грэх было выконваць ролю марыянэтак у руках чужога чалавека, калі сярод запрошаных на вясельле гасьцей было ажно тры фотакарэспандэнты.

Здарылася так, што адзін зь іх увогуле пакінуў фотаапаратуру дома, вырашыўшы – гуляць дык гуляць, другі непапраўна спазьніўся, трэцім быў вядомы майстар фотарэпартажу Сяргей Грыц. Ён нястомна шчоўкаў затворам фотакамэры і рабіў гэта ў самыя нечаканыя моманты. Вясельны рэпартаж абяцаў быць казытлівым.

Але надарылася так, што дзень вясельля супаў з гадавінай вядомых дзядоў 1988 году. Апантаны Грыц пасьпеў наведаць мітынг і, зразумела, апынуцца ў пастарунку. Міліцыянты паводзілі сябе даволі ветліва – проста прапанавалі зьнішчыць кадры, якія адлюстроўвалі гэтую падзею. Нават іх, я думаю, зьдзівіла тая пакорлівасьць, зь якой фотакарэспандэнт Грыц не вагаючыся ні хвіліны аддаў у іх рукі стужку зь… вясельнымі здымкамі. Ён разьлічваў, што пасьпее яшчэ выправіць становішча, і таму нікому нічога не казаў. Пэўна, дзеля таго, каб не псаваць настрой.

Але далучыўся Грыц да вясельнага гурта надта позна. Вясельныя ўборы маладых на той момант былі ўжо ў шафе, і моладзь пераапранулася ўжо ў маскарадныя касьцюмы. Пасьля бадзяньня па пастарунках, а яшчэ пасьля штрафной чаркі на галодны страўнік у Грыца хапіла моцы толькі на адзін фотаздымак – ён стаўся апошнім на той стужцы, што адлюстроўвала мітынг, і амаль адзіным у сямейным фотаальбоме. Але ж кадры Дзядоў абыйшлі выданьні ўсяго сьвету.

Цяпер, узгадваючы той трагічны выпадак нашай сямейнай гісторыі, я з асалодай думаю, што на гэтым месцы маглі быць мае вясельныя здымкі.

Марына Загорская

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG