Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Дагэтуль не магу знайсьці адказу на пытаньне: калі ўвесь сьвет тэатар, а людзі ў ім акторы, дык дзе ўзяць на ўсіх п’есу? Маленькая драма ў маім вялікім доме разыгралася ў 1987 годзе.

Аднойчы я была шчасьлівай і маладой і была студэнткай тэатральнага аддзяленьня. У той час мы рэпэтыравалі спэктакаль паводле аповяду Васілія Шукшына “Да трэціх пеўняў”. У мяне была маленькая роля, эпізадычная – я выконвала дачку Бабы Ягі. Асаблівасьць была ў тым, што яна была вусатая – дачка маладая і вусатая. І вось на апошнім занятку наш мастацкі кіраўнік Галіна Лазараўна Ляндрыс сказала ўсім, каб мы прайшлі праз грымёрную і ўжо былі ня ў джынсах і байках на вучэбнай сцэне, а былі так, як павінны быць акторы на апошнім прагоне ў тэатры.

Я таксама прыйшла ў грымёрную, мне зрабілі вусы, пераапранулі, і я выйшла на свой эпізод. Хачу падкрэсьліць, што ў той час у маім доме я ўсіх падманвала, што хаджу на рэпэтыцыі і выходжу на дыплём, таму што тры гады я займалася і сутыкалася ў хаце з хатнімі толькі ўвечары, і гэта ўсім абрыдла. Урэшце, я сказала, што знаходжуся ў Ленінскай бібліятэцы і пішу курсавую працу за чацьверты курс.

Вернемся да школьнай сцэны. Увечары я адыграла свой спэктакаль, без грыма апранаю паліто і лячу ў тралейбус. Там нікога не было, бо ўжо было за 11 гадзінаў вечара, толькі малады хлопец спытаў у мяне некалькі разоў, колькі зараз часу. Ён мяне так насьцярожыў, бо начытаная бульварнай літаратурай, я зразумела – гэта маньяк. Улятаю ў свой дом, не запальваючы сьвятла крычу на ўсю хату, што мяне адсочвае чалавек з тралейбуса, і што адна я хадзіць ня буду праз парк, што ляжыць па шляху з прыпынку да дому. Мой муж кажа пра тое, як добра паеў і заснуў наш малы сын і што ў хаце ўсё добра. Запальвае сьвятло, каб мяне распрануць… пасьля голас яго мяняецца, і ён пытаецца дзе я была. Я кажу, што я была ў Ленінскай бібліятэцы, што я так стамілася і таму прыпазьніласчя. Ён у голасе не мяняецца пакуль ня выйшла мая маці і, убачыўшы мяне, не засьмяялася…

Справа ня ў тым, што гэта была такая маленькая хатняя драма, а справа ў тым, што на мне былі вусы, і чалавек той, які мяне адсочваў з тралейбуса, пазьней са мной пазнаёміўся. І калі праз 10 год я перайшла ў іншае выданьне, дык па электроннай пошце мая рэдакцыя атрымала паведамленьне пра тое, што вы ўзялі на работу маньячку з вусамі, якая калісьці працавала прыбіральшчыцай у інтэрнаце. Калі мы пазнаёміліся зь ім, я расказала, што вучуся ў тэатральным аддзяленьні і падрабляю прыбіральшчыцай. Ён гэта запомніў і так вось адрэагаваў на мае прызнаньні і на мой пераход на гэтую працу.

Жана Васанская

XS
SM
MD
LG