Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я раскажу, як я стаў жулікам.

Я нарадзіўся ў сям’і, у якой было 11 дзяцей, і пасьля вайны засталося нас шасьцёра. Тыя, хто хадзіў у школу да вайны, скончылі толькі 4-7 клясаў – далей ня мелі магчымасьці вучыцца і таму так і засталіся харошымі людзьмі, спэцыялістамі, але без адукацыі. А мы, малодшыя тры браты, мелі такую магчымасьць і таму пайшлі ўсе вучыцца.

Я ня ведаю, якая мяне муха ўкусіла (у нас у Беларусі ў кустах шмат мух), – захацелася мне пайсьці ў артысты, ну і я накіраваўся ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на акторскае аддзяленьне. Не паступіў. Быў такі выдатны пэдагог Саньнікаў. Ён мне сказаў: “Ідзі падрасьці, яшчэ малаваты”.

Ну і пайшоў я працавць. А працаваць я пайшоў выхавальнікам у дзіцячы сухотны дыспансэр. У мяне гэтая праца пайшла на выдатна і мне рэкамэндавалі паступіць ва ўнівэрсытэт, далі накіраваньне і гэтак далей. Я паехаў паступаць. Зноў у тэатральна-мастацкі інстытут.

А малодшы брат адразу пасьля школы паступіў у тэхналягічны. І вось мы ходзім і па дарозе сустракаемся раніцай. Ён мяне пытае: “А што гэта ты ўвесь час у бок Опэрнага тэатру ходзіш?” Я пастаяў і думаю, што трэба ж некалі прызнавацца, што паступіў я ў тэатральны, а не ва ўнівэрсытэт – дома ж думаюць, што я ва ўнівэрсытэце. Я кажу: “Вучуся я ў тэатральным інстытуце”. Ён усьміхнуўся, памаўчаў і ў наступны выходны паехаў дадому ну і расказаў бацькам, вядома, дзе я вучуся.

Бацька ў мяне быў такі чалавек гарачы – быў паручнікам царскай арміі. Ён пабегаў па хаце туды-сюды, пасьля кажа: “Хрэн зь ім, у мяне дзяцей многа, няхай адзін будзе жулікам!”

Вось так я і стаў жулікам. Ужо 40 гадоў прайшло, як я працую ў тэатры і зьяўляюся прафэсарам Акадэміі мастацтваў – вучу гэтай прафэсіі іншых таленавітых дзяцей.

Фама Варанецкі, Менск

XS
SM
MD
LG