Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я хацеў бы расказаць пра адну зь вельмі цікавых сустрэчаў у сваім жыцьці, якая перавярнула ўсё ў маім сэрцы, і дзякуючы якой я стаў сьвядомым беларусам, гісторыкам, архэолягам, а потым і дзеячом беларускай палітыкі.

Гэта была сустрэча са спадаром Мікалаем Улашчыкам – “Тытанам” беларускай гістарычнай думкі ХХ стагодзьдзя. Перад гэтым я прачытаў шмат ягоных працаў і вельмі хацеў убачыць гэтага чалавека. Я дакладна ведаў, што ён жыў у Маскве побач зь Беларускім вакзалам, аднак неяк не выпадала да яго зайсьці. Я быў маладым, саромеўся, хоць і меў адрас. Зь ім сябраваў мой старэйшы сябра Міхась Ткачоў. Неяк ён мне затэлефанаваў і кажа: “Алег, Улашчык у Менску”. І з падачы Ткачова Ўлашчык згадзіўся са мной спаткацца. Я гэтай сустрэчы ніколі не забуду. Яшчэ магу параўнаць яе толькі з сустрэчай з Ларысай Геніюш. Вось гэта дзьве асобы, якія і зрабілі зь мяне беларускага гісторыка.

Калі мы сустрэліся з Улашчыкам, мы праседзелі зь ім цэлы вечар, дзесьці гадзіны тры, можа, чатыры. Першае маё пытаньне было, як ён выжыў ва ўмовах Гулагу – ён быў двойчы арыштаваны, – і як ён стаў доктарам навук. Ён сказаў, што калі ён быў на Калыме, на лесапавале і ўвесь час пілаваў сосны, ён пад час гэтай працы пісаў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. “Я не сумняваўся, – сказаў ён, – што Беларусь будзе адроджаная, я не сумняваўся, што я выйду”. Гэта яго захоўвала. Ён расказваў, што як толькі чалавек губляў мэту жыцьця – ён тут жа паміраў, і ўсе ведалі, што ён памрэ.

І вось калі першы раз Улашчык выйшаў, ён прыехаў у Маскву з напісанай ужо ў галаве кандыдацкай дысертацыяй. Праседзеўшы другі раз, ён прыйшоў з доктарскай дысертацыяй.

І вось гэты чалавек, які, дарэчы, адзіны ў маім жыцьці размаўляў са мной на старой беларускай мове 16 стагодзьдзя – ён мог на ёй размаўляць і размаўляў – я адразу ўбачыў жывога Льва Сапегу. Уяўляеце? Чалавек размаўляе нязмушана на мове канца 16 стагодзьдзя. Я быў проста ў захапленьні. Я і зараз з такім вялікім гонарам захоўваю кніжку з аўтографам Улашчыка.

І пасьля гэтага я зразумеў, што трэба працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць, і што толькі тым, хто працуе, дазволена зьдзейсьніць сваё жаданьне. Так яно і атрымалася ў маім жыцьці. Усё, што я хацеў зрабіць, напрыклад, у архэалёгіі, архітэктуры, тыя мэты, якія я ставіў, фактычна, усіх іх я дасягнуў, дзякуючы спадару Улашчыку.

Алег Трусаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG