Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Сёлета я рамантаваў дачу суседцы па дачы. Зрабіў добра работу. Удзячная гаспадыня запрасіла за стол, селі і пачалі ўспамінаць. Яна ўжо пэнсіянэрка. Пачала расказваць пра сваю сям’ю. Кажа, былі сёстры, пасьля кажа: “А ў мяне ж яшчэ быў і брат. Дык ведаеш, яго ў 13 год немцы забралі на работы ў Германію. Вырашыў ён вярнуцца на радзіму пасьля гэтага. Вярнуўся – а яго адразу ж без перапынку адправілі на Калыму. І вось у яго такі зламаны лёс аказаўся”. І яна нават сьлязу пусьціла. І тая размова мне таксама навеяла ўспаміны дзіцячага лёсу.

У маёй сястры, якая была старэйшая за мяне на 20 гадоў, быў такі сын як я – я быў старэйшы за яго ўсяго на 8 месяцаў. А бацьку яго, мужа маёй сястры, якраз таксама адправілі на Калыму. І менавіта за тое, што яны ў свой час былі ў Таварыстве Беларускай Школы, і вось як цяпер мне стала вядома … Я чытаю “Свабоду”… Быў такі на Наваградчыне Рагуля, арганізоўваў на Наваградчыне атрады самадапамогі. Яны абаранялі настаўнікаў, дырэктароў школаў (дзяцей жа трэба было вучыць) ад партызанаў, каторым было загадана зьнішчаць многіх, і яны гэта рабілі. Ну і вось тых, хто як Рагуля ня зьехалі за мяжу, а засталіся тут, спаткаў такі ж лёс.

І вось мой пляменьнік, які фактычна быў мой аднагодак, выхоўваўся разам са мной у майго бацькі ў вёсцы Запольле. І вось мне запомнілася з тае пары, як дарослыя дзядзькі навучылі маёйго пляменьніка як адказваць, калі яго будуць пытаць, дзе яго бацька. “Сабакам сена косіць”. Я вось успамінаю сёньня, усе так сьмяяліся, калі ён так адказваў:
– Вой, дзе твой бацька?
– Сабакам сена косіць…
Успамінаю вось такія жорсткія адносіны і не магу зразумець, чаму людзі сьмяяліся над лёсам малога дзіцяці. Ці то яны радваліся, што вось не яны там косяць сена, а вось забралі іншага, а ён ацалеў у гэтай куламесе ваеннай. І вось з гэтай пары – я во цяпер стаў сталы чалавек, у мяне ўжо дзеці дарослыя, замуж выходзяць – мяне не пакідае ўражаньне, што да гэтага часу мы ўсё ж працягваем “касіць сабакам сена”…І калі мяне пытаюць: “Чаго ж ты хочаш, Пятро Пятровіч, чаго ты змагаесься, чаго ты ходзіш на мітынгі?”, адказваю, што мне абрыдла “касіць сабакам сена”…

Пятро Тарасевіч, Менск

XS
SM
MD
LG