Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я нарадзілася ў ГУЛАГу – Архангельская вобласьць, Верхнетоемскі раён, пасёлак Охтама; ён называўся чацьверты пасёлак – такіх пасёлкаў было шэсьць. Дамы гэтыя былі пабудаваныя тэрмінова, падмурак быў не капітальны, а тое, што называецца прызба і засыпушкі такія, гэта значыць засыпаная была зямля. Зімой было страшна холадна, недзе 42 градусы марозу, проста страшэнныя маразы. І галоўнае, што адзеньня і абутку не было.

Мы ні ў якія гульні не гулялі, толькі можна было гуляць каля гэтай прызбы. Дык вось нешта там капалася ў пяску – дзяцей жа наогул было мала – я, фактычна, як той Маўглі ў лесе. Дзеці ж выміралі. Адна жанчына побач пяцёра дзяцей нарадзіла там, а чацьвёра памерла, толькі адно ацалела дзіця. Дык вось гульняў не было, цацак не было, і ніхто ж іх не прывозіў. Але мне аднойчы так захацелася куклу, ну паміраю, хачу куклу. Кажу:
– Мама, ну зрабі мне куклу”.
Яна кажа:
– Ну з чаго я табе зраблю яе, з чаго яе рабіць, як?
Я кажу:
– З пяску.
– Дык як з пяску?
Я кажу:
– Вазьмі якую-небудзь анучку, пяску туды насып і зашый, і будзе мая кукла.
І тады маці ўсьміхнулася, неяк так рукі яе закалаціліся, яна ўзяла нейкую трапачку, рукі дрыжаць, стала круціць гэтую трапачку, узяла нітку, нешта стала зашываць, а рукі дрыжаць… Яна ня можа, няма калі ёй, і не да куклы ёй – па 18 гадзінаў на рабоце, і па 14, не было калі ў бараку тым быць: на адной лесабазе, на другой і на трэцяй…

Вось маці мая адмарозіла сабе нагу, і паўгады ў яе нага тая гніла. Васемнаццаць гадоў маёй маці было. Якая яна была кулачка? Сьмеху варта.

І ў той час зрабіла мне нейкую куклу. То я была так радая, так радая. Самая лепшая забава – гэта кукла. Я ж яе паклала на стружку (там кругом стружкі былі), і стружкамі аблажыла і так ўжо берагла. І аднойчы захварэла я і ляжала на ложку. Ляжу, а там быў такі паграбок каля ложка. І маці мыла пол і чамусьці адкрыла гэты паграбок, і я злазіла з ложка і паляцела ў гэты пограб разам з гэтай куклай і крычу там. Тады маці палезла і дастала мяне з пограбу, а я крычу:
– А дзе мая кукла?
Плакала, што кукла ў пограбе засталася. Самая лепшая мая цацка – тая кукла.

Зінаіда Тарасевіч

XS
SM
MD
LG