Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


На ўсё жыцьцё запомнілася мне лета 44 года. У той час мы з бацькамі жылі ў вёсцы Кавэрляны, што ля Фаніпаля.

Бацька мой быў сувязным у партызанскім атрадзе імя Суворава Сталінскай партызанскай брыгады – чым мог дапамагаў партызанам. Але адзін паліцай яго здаў немцам. Арыштавалі бацьку, зьбілі, а нас з усёй сям’ёй адвезьлі ў канцлягер, што быў у Койданаве. Там ужо было многа такіх як мы, зьняволеных. Я ня ведаю, што было б з намі, каб не наступ Чырвонай арміі.

Ішло вызваленьне Беларусі. Аднойчы раніцай мы ўбачылі, што ніводнага немца не было ў гэтым канцлягеры: яны зьбеглі, бо ўжо зусім блізка былі нашыя салдаты.

Людзі пайшлі хто куды. Бацьку везьлі на падводзе, маці і я ішлі побач. Ішлі мы праз балота. І памятаю гэты сьпякотны дзень і тое, як цёпла было нагам ад гэтага балота, ад тарфяніку.

Калі вярнуліся ў вёску, ўжо нашыя салдаты былі тут, і адно нейкае падразьдзяленьне вайсковае разьмесьцілася ў былым калгасным садзе каля рэчкі. Мы, малыя, з цікавасьцю назіралі за салдатамі. А яны бралі нас да сябе на калені, нешта давалаі. А мне падарунак аднаго салдата да гэтага часу перад вачыма стаіць. Маленькі кавалачак белага шоўку ад парашута ён мне даў. І я яшчэ доўгі час насіла гэты кавалачак шоўку на галаве замест хустачкі.

Шмат гадоў мінула з той пары, але і той сьпякотны дзень, як мы вярталіся з канцлягера, і тое, як нашыя салдаты прыйшлі, – усё стаіць перад вачыма.

Сьвятлана Шынкевіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG