Было гэта ў 1993 годзе. Тады ўжо трэці раз запар адзначаўся фэст бардаўскай
песьні, што ладзіўся групай аматараў на Крапівеньскім полі пад Воршай у
гонар перамогі беларускага войска над войскам Маскоўскай дзяржавы ў 1514
годзе.
Як звычайна, там сабралася шмат сяброў Беларушчыны: у асноўным моладзі.
А фэст ладзіўся ў начны час. Былі розныя барды: Мельнікаў, Шалкевіч, Мухін.
Калі каманда ўраду Кебіча пачанала шукаць сваю нейкую ідэялёгію, чыноўнікі
атрымлівалі загад адстойваць яе і змагацца з апазыцыяй, па магчымасьці,
ідэялягічнымі спосабамі, пераконваць людзей у сваёй праваце і г.д.
І вось якраз у той вечар да нас пад’язджае “волга”, выходзіць зь яе
чалавек гадоў 40-45 і прадстаўляецца старшынём Дубровенскага гарвыканкаму
спадаром Ляшчынскім.
Ён прынес з сабой розную гістарычную літаратуру, у якой даводзіцца,
што ніякай перамогі пад Воршай няма, што рускі й беларускі народы зьяўляюцца
самымі блізкімі сябрамі, і няма ніякай нагоды, каб адзначаць бардаўскі
фэст, пры чым пастаянна цытаваў паперы расейскіх гісторыкаў.
І што далей рабіць? Прапанавалі, каб ён пасядзеў з намі, паслухаў, як
песьні сьпяваюцца, бо і ноч на вуліцы і што спрачацца пра гістарычную перамогу
– была яна ці не, калі ўжо ідзе культурніцкая акцыя?
Ён паслухаў некалькі сьпеваў. Якраз выступаў Ігар Мухін са сваімі лірычнымі
песьнямі, а яны ў яго вельмі пранікнёныя. Хто чуў, той ведае, што гэта
такое. І мне здаецца, гэтага чыноўніка песьні ўзялі за душу, што называецца.
Праз паўгадзіны я зноў падыходжу да таго мейсца, дзе ён стаяў, і бачу,
што спадар ужо сядзіць у кампаніі нейкіх маладых людзей, трымае ў руцэ
келішак невялікі, і падобна, што спрэчка наконт таго, што ж адбывалася
ў 1514 годзе, плаўна перарасла ў абмеркаванне гэтых падзеяў.
Самае цікавае, што потым пачаў выступаць Андрэй Мельнікаў са сваім патрыятычным
цыклам песень, прысвечаных Балаховічу. І здзівіла мяне тое, што ўсе маладыя
людзі, якія прысутнічалі пад час фэсту, пачалі падпяваць, і нават ня ведаючы
словаў, гэты старшыня Дубровенскага гарвыканкаму таксама пачаў падпяваць.
Такім чынам, на некалькі гадзінаў атмасфэра, якая прысутнічала на гэтым
фэсьце, зрабіла з чыноўніка высокага рангу прыхільніка тагачаснай апазыцыі,
і больш ён да нас з доказамі таго, што перамогі ў 1514 годзе беларускае
войска не атрымлівала, не прыяжджаў.
Алесь Шутаў, Ворша
Самае папулярнае
1