Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


У ХХ стагодзьдзі беларускаму народу давялося перажыць многа гістарычных падзеяў. На маю думку, найбольш выдатныя зь іх, гэта два вялікія ўсебеларускія сходы, якія адбыліся адзін у першай палове, а другі – у другой палове стагодзьдзя, якое нас ўжо пакідае. Я маю на ўвазе Усебеларускі Кангрэс, які адбыўся ў сьнежні 1917 году, і які паклаў пачатак працэсу ўтварэньня і абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, і, безумоўна, Першы зьезд беларусаў сьвету ў ліпені 1993 году.

Так склалося ў маім жыцьці, што мне давялося ня толькі ўдзельнічаць у гэтым зьезьдзе, але і прымаць удзел у яго падрыхтоўцы і арганізацыі. І вось сёньня я ўспамінаю тую атмасфэру, у якой праходзіў гэты форум, і хачу сказаць, што акрамя таго, што людзі ведаюць, што гэта было сьвята для ўсіх нас, гэта было і цяжкае змаганьне за тое, каб Зьезд усё-ткі прайшоў так, як гэта карысна для нашай Радзімы, для нашага беларускага народу.

Я ўспамінаю сёньня тыя дні, асабліва апошняе паседжаньне сумеснага арганізацыйнага камітэту і рабочай групы “Бацькаўшчыны”. Арганізацыйны камітэт узначальваў ад дзяржавы Пётар Краўчанка. На ім вырашалася пытаньне, хто будзе адкрываць зьезд. І вось тады якраз і пачалося гэта сапраўднае змаганьне за зьезд – бо хто будзе адкрываць зьезд, той будзе і кіраваць зьездам.

Краўчанка адназначна заявіў у той дзень, што менавіта ён будзе адкрываць зьезд. Я ж, адчуваючы на сабе адказнасьць за тое, што ўсё ж мушу ў гэтай справе перамагчы і зрабіць так, каб грамадзкія сілы кіравалі гэтым зьездам, рашуча яму заявіла, што ён ня будзе адкрываць гэты зьезд.

І вось адсюль пачаліся непрыемнасьці і для мяне асабіста, і вельмі складаная сытуацыя. Паседжаньне нашае было перарванае. Праз некалькі гадзін мяне выклікалі да Краўчанкі ў ягоную сядзібу Міністэрства замежных справаў, і вось там мы больш за чатыры гадзіны сядзелі і спрачаліся. І ў рэшце рэшт, можна сказаць, ніхто не перамог. Змаганьне было жорсткае. Урэшце мы сумесна вырашылі, што Зьезд будзе адкрываць Васіль Уладзімеравіч Быкаў. Так мы дамовіліся.

І вось напярэдадні зьезду вечарам сёмага я дазнаюся, што Краўчанка вырашыў – відаць яны параіліся з уладнымі структурамі – адкрываць Зьезд сам, каб улада на ім знаходзілася не ў руках грамадзкіх структураў.

Я ў тую ноч ня спала – не магла заснуць, бо думала як зрабіць так, каб Зьезд быў усё ж у нашых руках.

І вось раніцай хуценька пабегла ў Опэрны тэатар. Там было мноства людзей, там віравала жыцьцё, пачыналася гэтая вялікая падзея, і там я зразумела, што той, хто будзе ў гэтай вялікай залі Опэрнага тэатра мець у руках тэхніку, мікрафон – толькі той будзе кіраваць зьездам. І вось толькі гэтая думка дапамагла мне тады вырашыць гэтае важнае пытаньне. Я папрасіла Васіля Ўладзімеравіча сесьці ў прэзыдыюме менавіта насупраць мікрафона.

І такім чынам ужо ад пачатку мы ўтрымалі ўладу ў сваіх руках, адкрыў зьезд Васіль Уладзімеравіч, і далей я ўжо цікавала толькі за тым, каб гэтая тэхніка, гэтае маленькае прыстасаваньне было ў руках нашых. І, дзякуючы гэтаму, Зьезд адбыўся так, як мы хацелі, і стаў сапраўды адметнай старонкай у нашым жыцьці, у жыцьці нашага народу.

Ганна Сурмач

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG