Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


6 чэрвеня 1947 году. Толькі ўчора мая кляса здала апошні іспыт. Першы дзень ня трэба было сьпяшацца на ўрокі. Я накіраваўся ў вёску, каб канчаткова вырашыць усе школьныя пытаньні. Палявая дарожка вяла ў Глосевічы, дзе я і працаваў настаўнікам. І раптам вокліч: “Эй, таварышч!” Шпарка мяне даганяў мужчына ў цывільным, а з суседняй ямы глінішча вылез другі. Абодва незнаёмыя. Просяць прыкурыць, а самі імкнуцца стаць з розных бакоў. Прызнаюцца, што з “органаў” і што павінны тэрмінова мяне абшукаць і зрабіць ператрус дома. Прапануюць вярнуцца. Ідуць ззаду. Разумею, што ўсё кончана: гэта правал.

На хутары за лічаныя хвіліны ўсё было ператрэсена і перавернута. Пры вобыску забралі выдадзеную ў часы нямецкай акупацыі кніжку Найдзюка “Беларусь учора і сяньня” і Баранавіцкую газэту з маім першым надрукаваным вершам “Песьня на чужыне”. На двары зараўла машына, і ў хату з мацюкамі ўварваўся друзлы падпалкоўнік у форме МГБ. Мяне схапілі і з вульгарнай лаянкай упіхнулі ў машыну. Аказалася, што машын тут было ўжо дзьве.

Абсеўшы з двух бакоў, мяне без затрымкі папёрлі ў Баранавічы ў вабласны аддзел МГБ. Далей былі адзіночкі, карцэры, няспынныя начныя допыты, ваенны трыбунал і прысуд: дваццаць пяць і пяць гадоў няволі, сьмяротная камэра і канцлягеры ў Іньце і Варкуце.

Васіль Супрун, Слонім

XS
SM
MD
LG