Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Мая цётка зьехала ў ЗША ў 1979 годзе. У 88-м бабуля ўпершыню атрымала магчымасьць яе адведаць, а пасьля таго, як яна вярнулася, маёй адзінай марай, маім вялізным жаданьнем быў ад’езд у Амэрыку.

Гэтае жаданьне захавалася, і недзе напачатку 90-х савецкая імпэрыя распалася, але для мяне нічога не зьмянілася. Я па-ранейшаму сядзела на чамаданах і чакала, пакуль мы зьедзем. У прынцыпе, уся мая сям’я разумела. Што ад’езд – гэта адзінае магчымае выйсьце з сытуацыі.

Мы афармлялі дакумэнты, гэта патрабавала часу. Беларусь атрымала незалежнасьць і ў нашай кватэры пачалі зьяўляцца новыя кніжкі – гэта тата зацікавіўся гісторыяй Беларусі. Першай, якую я памятаю, была “100 пытаньняў і адказаў па гісторыі Беларусі”. А таксама пачалі зьяўляцца артыкулы ў “Свабодзе” – артыкулы Арлова і Сагановіча “10 вякоў беларускай гісторыі”. Пазьней тата набываў “Імя ў летапісе” Чаропкі і “Памяць пра легенды” Кастуся Тарасава, але “100 пытаньняў і адказаў…” напэўна была першай кніжкай.

Ішоў час, дакумэнты паціху афармляліся, тата чытаў кніжкі па гісторыі Беларусі, а я сьніла сваю новую амэрыканскую будучыню. У 93 годзе трэба было вырашаць канчаткова – усё было зроблена, дакумэнты былі аформленыя. Яны знаходзіліся ў кампутары, нам заставалася толькі зьехаць у Маскву, каб атрымаць статус бежанца. У апошні момант тата адмовіўся ехаць у Маскву. Ён сказаў, што мы нікуды не паедзем. Мы засталіся. Неўзабаве пасьля таго, як мы нікуды ня зьехалі, і я зразумела, што мой цягнік сышоў, у мяне адбылася сур’ёзная размова з татам (наколькі можа быць сур’ёзная размова з татам у 13-гадовай дзяўчынкі, якой парушылі яе запаветную мару). Я запыталася (я была амаль ў гістэрыцы), чаму тата сказаў, што ты можаш ехаць куды захочаш, калі табе споўніцца 16, але мы застаемся. Ён яшчэ тады сказаў (па-руску, бо ён тады гаварыў па-руску) “Решительные уезжают, а смелые остаются”.

Вось мы і засталіся. Наколькі я зразумела, мы засталіся будаваць новую Беларусь.

Ганна Штэйман

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG