Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Бадай што не нейкі адзін момант, а год ці нават два памятаюцца мне наймацней. Гэта мае першыя два гады пасьля прыезду ў Ню-Ёрк: 1995-96 гады.

Ню-Ёрк мяне тады агаломшыў. Вялізны, высачэзны, багаты. Вельмі непрыступны. Дагэтуль я думала, што да ўсяго збольшага падрыхтаваная. Першая рэакцыя была – схавацца і абараніцца.

Людзей як мурашоў. Усе кудысьці сьпяшаюцца, ніхто, натуральна, цябе не заўважае, не пазнае. Гэткі стан культурнай і сацыяльнай бязважкасьці.

Мая абарончая рэакцыя змушала мяне заўважаць і нават шукаць найгоршае. Я скажу вам, што гэта ня так і цяжка ў Ню-Ёрку: брудныя вуліцы, бяздомныя ў сьмярдзючым мэтро, танныя рэстараны МакДональдз. Жанчыны ў прыгожых касьцюмах і красоўках. Злачыннасьць, мяшанка моваў і народаў і шмат чаго іншага.

Адным словам, такі наш традыцыйны прысуд: бездухоўнасьць і бескультурнасьць Амэрыкі. Так мне хацелася думаць. А потым гэта неяк адышло, страх адышоў, зайздрасьць адышла, непрыняцьце чужога посьпеху адышло, непрыняцьце сваёй абмежаванасьці адышло. І замест гэтага зьявілася цікаўнасьць. Як амэрыканцы кажуць - “challenge” – выклік самой сабе паглядзець на рэчы іначай.

Я тут не зьбіраюся пераконваць каго-небудзь любіць ці не любіць Ню-Ёрк. Для гэтага Ню-Ёрк трэба ведаць. Для гэтага трэба ведаць…Прынамсі цікавіцца культурным і духоўным жыцьцём Захаду, не адмаўляючы яго ў прынцыпе. Але для мяне тыя першыя год ці два былі выпадковым вялікім падарункам.

Зараз у Ню-Ёрку жыве Славамір Адамовіч. Часова, вядома. Думаю, Славаміравы ўспаміны пра тутэйшых беларусаў, Ню-Ёрк і Амэрыку у цэлым будуць трохі іранічнымі і высакамернымі: бездухоўнасьць і гэтак далей. Але не гэтае важна. Гэта ягоныя права і справа.

Я думаю, што не гэта важна. Я думаю, што кожны, хто сюды прыязджае, мае шанец бачыць рэчы на свае вочы. Бачыць і судзіць, як сабе хоча. Вось гэтая свабода, якую песьцяць і людзі, і нават дзяржава тут, я думаю, найбольш важная. І гэтаму ў Амэрыцы я шчыра зайздрошчу.

Алеся Сёмуха

XS
SM
MD
LG