Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


У мяне, як і ў кожнага чалавека, быў дзед. Ён нарадзіўся да рэвалюцыі, напрыканцы ХІХ стагодзьдзя, у 1886 годзе. Пражыў доўгае-доўгае жыцьцё, больш за 90 гадоў.

У дзедавай хаце, як ва ўсіх сяслянскіх хатах, былі сабраныя фатаздымкі. Яны зьбіраліся ў адну раму, шмат-шмат фатаздыкаў – сваякоў далёкіх і блізкіх, знаёмых. 80 працэнтаў тых людзей, што былі на фатаздымках, я ня ведаю і ніколі зь імі не сутракаўся.

Аднойчы, было мне можа гадоў 12, з маім стрыечным баратам мы дурэлі ў хаце, зачапілі гэтую раму, яна ўпала і шкло разьбілася. Фатаздымкі раскідаліся па падлозе. І тут я ўбачыў адну картку – бачыў яе сто разоў, але яна была заўсёды закладзеная іншымі, і была відаць адна галава дзеда. А потым, калі яна раскрылася, я ўбачыў, што дзед мой стаіць у вайсковай форме з шабляй на баку, у наваксаваных бліскучых ботах, зь нейкім наганам, і ў дзеда на гімнасьцёрцы вісяць тры Георгіеўскія крыжы.

Я ўзяў гэты фатаздымак, пабег да дзеда, кажу:
– Дзед, што гэта такое?
Дзед паглядзеў на мяне і кажа:
– Дзе?
Я кажу:
– Ну вось, на фатаздымку.
– Ну а што на гэтым фатаздымку? На гэтым здымку я.
Я кажу:
– Я ведаю, дзед, што гэта ты, але што гэта ў цябе вісяць за крыжы?
– Вой, дай мне гэты фатаздымак.

Дзед забраў гэты здымак, склалі іх у адну раму, зашклілі яе, павесілі, а гэты фатаздымак дзед не аддаў. І ўжо потым, калі я быў дарослы – гэта было недзе ў 77-м годзе, калі я ўжо вучыўся ў мастацкім інстытуце – я прыехаў да дзеда і кажу:
– Дзед, а дзе той фатаздымак?
Ён кажа:
– Які?
Я кажу:
– Ну вось той, дзе ты з крыжамі, з узнагародамі.
Дзед мне кажа:
– Ведаеш, Валодзя, я той фатаздымак схаваў. Вось калі памру, вы яго знойдзеце.

І вось толькі ўжо зараз я разумею мэнтальнасьць сваіх суайчыньнікаў, магу яе вытлумачыць. Тады для мяне было незразуемела, чаму мой дзед саромеўся ўзнагарод, чаму ён баяўся (тут сорам – ня тое слова). Зараз я гэта разумею. Сёньня, відаць, тая ж сытуацыя адбываецца і з нашай інтэлігенцыяй, і проста з нашымі суайчыньнікамі. Разумею, што жыве падсьвядомы жах. Гэта тое, што засталося нам ад нашых продкаў, ад папярэднікаў, што былі перад намі. Той жах, які перажылі яны за сваё жыцьцё, ён застаўся і нам. І мы зараз вось толькі-толькі пачынаем праз яго прадзірацца. Зрэшты, мы пакрысе, патроху-патроху пачынаем рабіцца вольнымі і свабоднымі ў сваёй дзяржаве.

Уладзімер Сьцепаненка, Менск

XS
SM
MD
LG