Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Многія нашыя дасьледчыкі літаратуры і наогул людзі лічаць, што паэма Янкі Купалы “Над ракой Арэсай” – гэта паэма сацыялістычнага рэалізму, яна ня вельмі адпавядае яго таленту.

Але я хачу сказаць, што паэма “Над ракой Арэсай” для мяне – гэта вельмі дарагі, цікавы твор, у тым сэнсе, што я нарадзілася ў той самай камуне, куды прыяжджаў Купала на пачатку 30-х гадоў, і я з тых самых Адзярыхаў, якія там адны з галоўных герояў – Пракоп Адзярыха там будаваў дарогу-вузкакалейку, мой бацька таксама з Адзярыхаў, ён паходзіць са Случчыны.

А паехалі яны ў гэтую камуну (Купала гэта добра апісвае), бо гэтыя Адзярыхі служылі ў Чырвонай Арміі, і пасьля мабілізацыі ўвесь іхны атрад прыехаў на Марлінскія балоты, стварылі такую камуну і яшчэ да пачатку калектывізацыі пачалі асвойваць тыя балоты. Гэта вось якраз тыя Адзярыхі – гэта быў мой бацька, мой дзядзька, мой дзед, мая бабуля, пазьней мая маці прыехала сюды, і я з дзяцінства памятаю гэтыя шырокія палі, гэтыя балоты, гэтыя лясы. Да гэтага часу гучаць у мяне ў галаве галасы людзей, якія ішлі з поля, сьпявалі. Яны сваімі рукамі асушылі тыя балоты, пабудавалі вельмі прыгожыя дамы, жыцьцё пачало наладжвацца, каб ня гэтыя страшэнныя сталінскія рэпрэсіі, калі ў 1937 годзе загінуў мой дзядзька, галоўны герой гэтай паэмы Пракоп Адзярыха, пакінуўшы пяцёра дзяцей, жонку. Згінуў у гэтым ГУЛАГу. І за што? За тое, што меў залатыя рукі, быў выдатным вынаходнікам.

Ну а камуна… Калі пачаліся сталінскія рэпрэсіі, многія людзі былі рэпрэсаваныя. Потым, калі пачалася вайна, і прыйшла нямецкая акупацыя, камуна была спаленая. Мне тады было ўсяго чатыры гадочкі, але я добра памятаю, як гарэў наш дом, як ратавалі дзяцей. Ну і многія сем’і, у тым ліку і нашая сям’я, пайшлі ў партызаны.

Лідзія Савік, Менск

XS
SM
MD
LG