Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Было гэта яшчэ ў дні маёй маладосьці, прыкладна гадоў каля 20 таму. Група маладых хлопцаў з праектнага інстытуту трапіла ў турыстычны цягнік. Мы павінны былі заехаць у Рыгу, паехаць спачатку на экскурсіі, а пасьля ня болей за гадзіну нам заставалася наведаць нейкую краму ці рынак. Дык вось паехалі на экскурсію. Спачатку была старая Рыга, а пасьля мы павенны былі ехаць ці то па ленінскіх мясьцінах… Карацей, мы, нават не змаўляючыся, па-ціхеньку зьбеглі з другой паловы гэтай экскурсіі, сустрэліся на прыпынку і паехалі на Рыскі рынак. Мне тады трэба было футравую шапку купіць.

На рынку я неўзабаве напаткаў старэнькага такога гандляра – старэнькі габрэйчык, які прадаваў гэтыя футравыя шапкі. Падбег да яго, паглядзеў шапкі, пытаюся, што за футра, колькі каштуюць. Калі памацаў, зразумеў, што гэта або трус, або заяц. Але на ўсякі выпадак пытаюся, што за футра. Ён кажа:
– Гэта піжык.
– І колькі ж ён каштуе?
Ён так завагаўся, кажа:
– 25 рублёў.
Я пачаў сьмяяцца, кажу, маўляў, як ты так можаш падманваць людзей. Пачаў зь яго кпіць, жартаваць. Ён паслухаў мяне ды й кажа:
– Ну я бачу, што ты чалавек надта разумны, інтэлігентны, цябе не падманеш. Канешне, гэта футра – ня піжык, гэта з зайца.
– Ну і колькі ты хочаш?
– 15 рублёў.
Давай мы зь ім гандлявацца. Можа 15 хвілін мы гандляваліся і мне ўдалося ў яго тры рублі выгандляваць – аддаў ён мне шапку за 12 рублёў. Я паглядзеў, такая прыгожая чорная шапка, бліскучая, але спачатку я не зьвярнуў увагі на тое, што ён стаяў у такім цёмным кутку.

І вось калі я адыйшоў на сьветлае месца, павярнуў гэтую шапку сярэдзінай, то ўбачыў, што яна ношаная – бачныя і падцёкі ад поту. Я вярнуўся назад – таго гандляра як ветрам здула, няма яго. Я знайшоў сваіх хлопцаў, якія былі непадалёку, і кажу:
– Давайце абяжым рынак ды знойдзем гэтага старога габрэя, якія мяне тут падмануў.
Пабегалі мы па рынку, нікога не знайшлі, але вырашылі ўсё ж такі вяртацца дадому – кожны купіў, што хацеў. Вярнуліся мы ў цягнік, зайшлі ў сваё купэ, і недзе праз 15 хвілін мы павінны былі адправіцца.
І вось калі рушыў цягнік, мы, каб сагрэцца, дасталі пляшачку гарэлкі, выпілі па кілішку і пачалі раскладаць свае пакункі. Вядома, што мая пакупка выклікала ва ўсіх сьмех.

Падалося нам, што нейкая нясмачная гарэлка. Тады Шурык наш, які купіў пляшку рыскага бальзаму, кажа:
– Калі нясмачная гарэлка, давайце пакаштуем яе разам з бальзамам.
Адчыняе бальзам, я гляджу на яго, бачу – у яго сківіца адвісла. Кажа:
– Нешта я не магу разабраць. Пакаштуй.
Ён наліў мне пакаштаваць. Такога цёмнага колеру, усё як належыць быць… Адчуваю – вада. Усе астатнія таксама раскаштавалі, што вада…

Карацей, усё гэта скончылася тым, што я адчыніў вакно ды пусьціў у палёт над полем сваю футравую шапку, бо ўжо быў крыху нападпітку…

Валеры Савіч, Пінск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG