Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гэта будзе гісторыя не пра мяне. Гэта будзе гісторыя пра паэзію.

Гісторыя такая. У адной маёй знаёмай муж паехаў у заработкі ў Амэрыку. Тэлефону ў іх не было. Яны дамовіліся, што будуць стэлефаноўвацца нейкім пэўным чынам: ён будзе тэлефанаваць ёй на працу аб нейкай пэўнай гадзіне, дапусьцім, аб дванаццатай, і казаць звыклы набор словаў, маўляў, жывы, здаровы, люблю, чакаю. Вось. І яна пару словаў у адказ, тое самае, прыкладна.

Ну вось гэтак вырашылі стэлефаноўвацца, а ён мусіў па тэй рабоце сваёй, па тых заробках, пералятаць з аднога штату ў другі, і дзе ён будзе, яна ня ведала, ня ведала ягоных тэлефонаў.

Прайшоў тыдзень. Гэтыя тэлефоны раздаваліся кожнага разу аб дванаццатай гадзіне. Урэшце, нашай гераіні – маёй знаёмай – устыла такім вось чынам мець тэлефонныя дачыненьні, і яна вырашыла напісаць і абазвацца да свайго мілага-любага вершамі. А трэба сказаць, што гэта была звычайная бухгальтарка, і да паэзіі ніякага дачыненьня яна ніколі ня мела. І таму я была сьведкам яе творчых пакутаў, сьведкам таго, колькі выпальвалася цыгарэтаў, колькі было праседжана гадзінаў, колькі было зроблена ўсялякіх прахазак па парку ў пошуках патрэбных словаў і гэтак далей.

Дык вось яна вырашыла мілага свайго зьдзівіць, напісала пэўныя радкі і аб прызначанай дванаццатай гадзіне села чакаць званка. Раздаўся званок, і яна, не чакаючы, што ён там паведаміць як заўсёды, пачала:

Тое, што потым схавае найменьне сваё,
Варта дарозе закончыцца.
Можа любоў поўніць мяне адзінотай тваёй да краёў
Я то сьмяюся, то ціха пяю, то заплачу.
Нешта трывае ўва мне, покуль будуць растаньні.
Існае сёньня, што потым як морак растане.
Сьмешнае слова прыдумалі людзі – каханьне…

– Э-гэй, – там раздаўся ў слухаўцы голас і зусім ня ёйнага мужа.
Гэта званіў нейкі зусім іншы чалавек па справах тае фірмы, у якой яна працавала, і вось так гэты верш пайшоў як бы ў нікуды.

Званка ад мужа не было ў гэты дзень. Яна аб дванаццатай гадзіне назаўтра такім жа самым чынам прачытала ў слухаўка тое, што яна напісала і ў гэтай жа самай манэры. Зноў апынулася, што нейкі вадаправодчык ці сьлесар тэлефанаваў. І толькі на трэйці дзень мужык патэлефанаваў, і яна ня стала ўжо начытваць свае словы, а стала слухаць ягонага голасу. І першае, што ён ёй сказаў праз акіян, праз гэтую прастору… верш. Аказваецца ён, пралятаючы з аднаго штату ў другі, трапіў на летаку ў тарнада. Ён казаў, што гэта было так жахліва, так матляла з боку на бок, і ён страціў ужо надзею, заплюшчыў быў вочы і, разьвітваючыся з усім, што ёсьць для яго ў сьвеце дарагім… пачуў увушшу ейны голас. Ён не разабраў словаў, але яна чытала верш…

Вось якая гісторыя. Я чаму яе распавядаю? Таму што я маю да гэтай гісторыі такое ўскоснае дачыненьне. Рэч у тым, што гэтая бухгальтарка надрукавала пасьля свой “шэдэўр” у газэце “Наша Ніва” і падпісалася Т.С. І гэты вершык памылкова прыпісваюць мне.

Тацяна Сапач

XS
SM
MD
LG