Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гэта было ў 1954 г. у адным з канцлягераў Кемераўскай вобласьці. За маім уцёкам назіралі некалькі зьняволеных, і адзін зь іх потым пры сустрэчы расказаў мне пра тое, чаго я ня бачыў сам.

Гэта было каля 4 гадзінаў дня. Мне трэба было пералезьці цераз некалькі платоў, якія акалялі зону. Я падбег да першага плоту, перакінуў лесьвіцу. Ахоўнік схапіўся за зброю.

На другім плоце мая лесьвіца зламалася, і я на плоце павіс, але стральбы ня чуў. У ахоўніка на вышцы быў аўтамат і карабін. Але аўтамат не спрацаваў.

Ахоўнік схапіў карабін. У гэты час я падцягнуўся і пераваліўся цераз плот. Спрабаваў бегчы, але, абясьсілены, пайшоў. Кулі з грохатам праляталі каля маіх вушэй. Дзіўна: далей кулі пасьвіствалі, а каля вушэй – грымелі.

Я ішоў і бачыў, як сьпераду мяне кулі ўздымалі пыл. Я зайшоў за кусты і зьнік з вачэй ахоўніка. Гэта быў лепшы стралок дывізіёну, салдаты казалі, што ён мог пацэліць у муху. Чаму ж Бог не дапусьціў ягонай кулі бліжэй да маіх вушэй?

Перш, чым уцякаць, я схіліў перад Богам калені і сказаў: “Божа, калі заб’юць – прымі душу маю. Калі ж табе заўгодна – зьберажы жыцьцё маё”.

Нашто спатрэбілася яму маё сягоньняшняе жыцьцё?

Я быў злоўлены ў Алтайскім краі: там выдаў мяне адзін са зьняволеных, які некалі бачыў мяне – мы сядзелі разам. Ён дапамагаў адміністрацыі – адным словам, быў стукачом. Ён мяне, як кажуць, залажыў, мяне арыштавалі, і так скончыўся мой уцёк.

Потым, калі мяне злавілі, я сустрэў ахоўніка выпадкова. Вялі з нашага лягеру калёну на працу. Сьпераду ішоў той самы ахоўнік, які стаяў на вышцы і па мне страляў. Ён, убачыўшы мяне, схапіўся за зброю і хацеў тут жа прыкончыць мяне. Але яму не далі. Ён быў поўны лютасьці, хаця мне было проста шкода яго за гэта. Вось так Бог бярог мяне.

Эрнст Сабіла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG