Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Мяне цікавілі праблемы станаўленьня Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе і далейшыя падзеі, што адбываліся ў сувязі з гэтым. І вось тады я зрабіў такую маленечкую схему разьвіцьця беларускага нацыянальна-вызвольнага руху ў ХХ стагодзьдзі. Цікава, што апошнімі кропкамі я пазначыў год 83-ці, потым быў 2000-ны. Паводле маіх падлікаў, пасьля другой Сусьветнай вайны беларускі нацыянальна-вызвольны рух практычна зьнік ў Беларусі. А ў 2000-м я вывеў такую схему. Калі ўзяць умоўна насельніцтва Беларусі за 100 адсоткаў, то 25 працэнтаў я адвёў нацыянальна сьвядомым беларусам, а 75 адсоткаў я пакінуў за так званымі савецкімі беларусамі, улічваючы ўсе суб’ектыўныя і аб’ектыўныя фактары.

Нарэшце прыйшоў 91 год, калі мы атрымалі незалежнасьць, мары ўспыхнулі зноў. А тут парлямэнт адкрыў тэлефон, па якім можна было пазваніць, зьвярнуцца да дэпутатаў, унесьці свае прапановы. Здаецца, гэта быў канец 93 года, перад самы новым годам, бо мы ўжо сядзелі ў хаце, зьбіраліся сустракаць Каляды, і я вырашыў затэлефанаваць на гэты тэлефон. Званю, задаю надзвычай важнае для сябе пытаньне, ці не зьбіраецца беларускі парлямэнт разгледзець пытаньне аб законнасьці-незаконнасьці перадачы беларускіх тэрыторыяў – Беласточчыны ў 1945 і Віленшчыны ў 1939 гадох – да іншых дзяржаваў. Ці мае нашая дзяржава адмаўляцца ад тых земляў. Нейкі дзядзька мне адказваў. Вы ведаеце, Беларусь падпісала Гэльсынскія пагадненьні аб непарушнасьці межаў. Я кажу, што я выдадтна ўсё гэта ведаю, я сам гісторык, але на маю думку, нашая дзяржава мусіць выказаць сваю пазыцыю па тых пактах, аб тым, што ўсё гэта было незаконна і гэтак далей. Ну нічога з маіх прапановаў не адбылося ў нашым парлямэнце. Для сябе я вырашыў – Бог зь імі, з тымі Віленшчынай, Беласточчынай, хай бы нашая дзяржава тут квітнела, нам хопіць гэтай зямлі.

Ну а сёньня я мяркую, каб я тады намаляваў іншую схему, то можа і ня так бы было дрэнна ў нашай краіне? Але сёньня мы мае тое, што маем.

Сяргей Рыбчонак, Менск

XS
SM
MD
LG