Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Сытуацыя, пра якую я буду помніць усё сваё астатняе жыцьцё, належыць да падзеяў траўня 95 году.

Тады ў Беларусі адбываўся чарговы Зьезд беларусаў сьвету. Я ішла на паседжаньне, дзе павінна была выступіць, і сустрэла журналіста, які кажа мне: “Слухай, такая сытуацыя, Ціцянкоў залез на дах былога будынка ЦК, сарваў дзяржаўны сьцяг, разарваў яго і ставіў там аўтографы”.

Мяне вельмі ўзрушыла гэтая падзея не таму, што кіруючыя справамі прэзыдэнта лазяць па даху. Справа ў тым, што паводле крымінальнага кодэксу Беларусі, гэта злачынства, якое патрабуе вельмі жорсткага пакараньня.

Я выступіла на гэтым зьезьдзе, падзялілася сваімі ўражаньнямі і сказала, што калі мы, беларусы, сьцерпім ганьбаваньне нашага дзяржаўнага, нацыянальнага сымбаля, дык ёсьць усе падставы думаць, што нас няма, бо сьцяг – вельмі важная рэч для нацыі і для народа.
І сказала тады ж, што я, як і належыць грамадзяніну, пайду ў пракуратуру і папрашу ўзбудзіць крымінальную справу. Я прасіла людзей, якія мяне слухалі, пасьледаваць майму прыкладу.

Потым да мяне падыходзілі людзі і тлумачылі, чаму яны гэтага не зрабілі. Гэта было маё другое такое яркае ўражаньне. Яны казалі, што баяцца, што маюць справу…

А потым цэлы месяц – маё знаёмства з Гэнеральнай пракуратурай. Ніхто з пракурораў, зь якімі мне давялося размаўляць, не сумняваўся, што гэта – крымінальнае злачынства. І спачатку пракуратура заняла такую пазыцыю: вы ня бачылі, там на даху не былі – нічога не было.
Ціцянкоў у газэце надрукаваў, што ён і думак такіх ня меў. Ну а потым нам прынесьлі відэазапіс гэтай падзеі. І вось тут пачалася сапраўдная гульня ў законннасьць.

І вось гэта была мая першая школа правоў. Я ведала, што ў мяне ёсьць правы, што яны акрэсьленыя канстытуцыяй, што ў мяне ёсьць гонар і годнасьць беларусам звацца, скажам так. Я ўвесь гэты месяц адчувала, як зьдзекуюцца, як гвалтуюць гэтыю годнасьць і пачуцьцё маёй беларускасьці. Я была тады проста навукоўцам, рыхтавала тады доктарскую дысертацыю, і ў мяне не было ніякіх памкненьняў займацца грамадзкімі справамі. Але за гэты месяц нешта са мной здарылася, што я зразумела – калі здавацца і надалей, дык будзе нейкая іншая якасьць, я ўжо буду не я, я ўжо буду іншая.

Для мяне гэтая падзея найбольш выразная ў жыцьці. Напрыканцы тога году, у лістападзе, стварылі Гэльсынскі камітэт. А зараз гэтая арганізацыя ў грамадзтве дастаткова вядомая і можа працаваць.

Тады Гэнеральная пракуратура адказала, што ніякага злачынства не было, была ўтылізацыя з парушэньнямі правілаў. Але была там такая прыпіска: прэзыдэнт праінфармаваны пра тое, што там адбывалася.
Пракуратура здымала з сябе адказнасьць і перакладала яе на прэзыдэнта.

І вось усё гэта працягваецца. Ніхто ні за што ня хоча адказваць, усё перакладаецца на прэзыдэнта. І ганьбаваньне працягваецца, і законнасьць надалей парушаецца. Але ёсьць пэўная розьніца паміж станам тады, у 95 годзе, і сёньняшнім. Нас ужо не адзінкі. І я думаю, што і той Ціцянкоў, ці хто будзе замест яго, ня зробіць так, як зрабіў тады, і я цешу сябе думкай, што мы ўсё ж такі нейкі крок зрабілі ў цывілізаванае грамадзтва.

Тацяна Процька

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG