Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


На трактарным заводзе я рабіў, і мы там хадзілі ў клюб і пелі, я з маім прыяцелем Паўлам Чарнухай. Там быў Цітовіч, ён нас заўважыў – галасы ў нас былі добрыя. І Цітовіч прыехаў на завод на рэпэтыцыю да нас і кажа: “Хлопцы, я вас забяру да сябе ў ансамбаль”. А ён тады ствараў народны хор. Гэты хор і цяпер працуе, але кіраўнікі іншыя, бо Цітовіч памёр ужо. Пра нас з гэтым маім хлопцам Паўлам Чарнухам (ён сам барысаўчанін, цяпер на пэнсіі, у Менску жыве) “Ліцературная газэта” такі вось падвал давала.

Дык Цітовіч тады сказаў, што бярэ нас да сябе. А ў нас жа няма адукацыі музычнай – як мы пойдзем? Ён кажа, што яму ня трэба адукаваныя, яму трэба харошыя галасы. Ну і ўгаварыў нас. А мы вучыцца хацелі ісьці далей – і Пашка, і я. Ну і кажам яму.

– О, дык вы ж дурныя хлопцы. У мяне ж вы будзеце працаваць чатыры гадзіны ў дзень. Дзьве гадзіны рэпетыцыя, дзьве – канцэрт. Астатні час ваш увесь. Вучыцеся колькі хочаце.

Ну і ўгаварыў нас. Мы далі згоду, а потым пайшлі да дырэктара трактарнага заводу, Суслаў Віктар Паўлавіч быў такі, заявы яму панесьлі, каб звольніў нас. А спэцыялістаў не хапала, мы ж прыехалі з тэхнікума, маладыя спэцыялісты. Ён пачытаў гэтыя заявы, парваў іх і ў карзіну: “Ідзіце ў цэх і не дурыце мне галаву”. І выгнаў нас, ня стаў звальняць.

Прайшоў тыдзень ці два, Цітовіч звоніць у клюб трактаразаводзкі, маўляў, чаму хлопцаў няма, яны ж абяцалі прыехаць? Нас паклікалі да тэлефону. Мы кажам, так і так, дырэктар адмовіў нам у звальненьні, не пускае нас. Праходзіць можа тыдзень, бяжыць сакратарка дырэктара – да мяне ў цэх прыбегла, пасьля пабегла да Паўла ў цэх, ён у маторным працаваў. Кажа: “Хлопцы, дырэктар выклікае. Бягом”. Прыходзім:

– Мы прыйшлі, Віктар Паўлавіч, што трэба?
– Што бандыты, ўжо паскардзіліся?
– Мы ня скардзіліся, нікому нічога не казалі.
– Як так, мне з ЦК звоняць, сакратар па культуры, і мяне адчытвае, што я затрымліваю вас на заводзе і не адпускаю ў хор.

Пайшлі мы, карацей кажучы, да Цітовіча. Прапрацавалі мы там паўтары гады. Ну і вучыцца хочам. А куды вучыцца, гастроль за гастрольлю – то ў Баранавічы, то ў Вялікія Лукі, то яшчэ куды-небудзь. Гастролі і гастролі. Якая тут вучоба? Ніякай вучобы. Вечарам канцэрт адсьпяваем, трэба паесьці. Куды? Усё закрыта. Значыць у рэстаран. Ну а ў рэстаране – гэта дзела, гэта ж ясна, маладыя былі. Ну і неяк сядзелі з Пашкам, і я кажу:

– Не, дарагі, нічога ў нас тут не атрымаецца. Трэба нам зматвацца адсюль.

Падалі мы заявы ў палітэхнічны, ён і я. Ён на энэргафак, я – на стройфак. Прыходзіць нам выклік здаваць экзамэны, паехалі, Цітовіч паглядзеў, кажа

– Ай хлопцы, шкада мне вас адпускаць, але я ж ня маю права, на вучобу я абавязаны адпусьціць, а так бы я вас не адпусьціў.

Паехалі мы ў палітэхнічны, уладкаваліся, адвучыліся, атрымалі дыплёмы і пайшлі працаваць. Ён на трактарны назад пайшоў, а я пайшоў будаваць.

Сяргей Поляк, Лагойск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG