Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гадоў 10 таму сёньняшні Старшыня Беларускага Саюзу фальклярыстаў Васіль Літвінка запрасіў мяне ў сваю родную вёску на вясельле сваяка. І ён мне сказаў: “Бярэш білет на цягнік, даяжджаеш да станцыі, выходзіш, а там цябе сустрэнуць”. Што я і зрабіў.

Прыяжджаю позна вечарам. Выходжу на пэрон – ніводнага чалавека. Ніхто мяне не сустракае. Ад Менску, канешне, гэта далёка – Палесьсе (лішне казаць).

Выходжу на прывакзальную плошчу, бачу: стаяць дзьве машыны. У адной адгадваю машыну, якая належыць Васю Літвінку. Ну і адразу – палёгка на сэрцы. Але, ізноў такі, у ёй нікога няма. Побач стаіць маленечкі такі везьдзеходзік – “Уазік”. Чалавек там ёсьць. Падыйшоў, адчыніў дзьверцу. “Добы вечар”, – кажу. “Мне кажуць – добры вечар”. “Ты да Васі?” “Да Васі”. “Сядай”. Сеў. Чалавек за рулём кажа: “Адчыні бардачок”. Я адчыніў. Кажа: “Дастань бутэльку”. Я дастаў. “І дзьве шклянкі”, – адразу наступная прапанова. Я дастаў. Ён так зубамі выцягнуў газэціну, якой рыльца бутэлькі было закрыта, разьліў па поўнай “малінкоўскай” шклянцы. Чокнуліся, і ён сказаў коратка: “Вып’ем.” Выпілі. Ён сказаў: “У бардачку яблыкі – дастань”. Я дастаў. Дзьве вялізныя антонаўкі – см-м-мачныя! Справа была позьнім кастрычнікам. Такія духмяныя яблыкі! Ён кажа: “Закусім”. Закусілі. Пажавалі гэтыя яблыкі, той кажа: “Закурым”. Дае мне цыгарэціну – “Прыму” (лішне казаць). Закурылі. Адну зацяжку зрабілі. Другую. Паўза такая павісла. Потым ён працягвае руку, кажа: “Віця”. Я паціснуў ягоную руку, кажу: “Дзіма”. Ён пытаецца: “Дзіма, ты хто?” Я кажу: “Я – журналіст. На вясельле прыехаў”. Ён кажа: “Я таксама на вясельле. А сам я – начальнік раённага выцьвярэзьніка”…

Ну, для мяне гэта, канешне, была такая нямая паўза. Ён (Віця) працягвае далей: “Зараз Вася прыйдзе. Мы дамовіліся, што паедзем да яго ў вёску, возьмем гарэлкі, дзяўчат і паедзем да мяне на працу”. Я кажу: “Як – на працу?” Ён кажа: “Ну так – элемэнтарна – да мяне на працу. Я сёньня даў загад каб нікога не прывозілі. У нас будзе ціха, спакойна. Мы там пасядзім, пасьпяваем, вып’ем. Усё будзе добра”.

Ну, у рэшце рэшт, дачакаліся Васіля, паехалі ў гэтую вёску. Дзяўчат мы не знайшлі. Гарэлку, праўда, знайшлі.

Ну і скончылася тым, што вырашылі ня ехаць у раённы выцьвярэзьнік, а паехаць на мяжу з Украінай, каб адзначыць вось такое братняе суіснаваньне двух народаў.

Вот, уласна кажучы, і ўся гісторыя. Толькі што мушу згадаць, што вясельле было яшчэ наперадзе. А гэта была такая невялічкая ўвэрцюра да ўсяго гэтага палескага вясельля.

Дзьмітры Падбярэскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG