Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Справа была ў Піцеры ў жніўні 1991 году. Якраз напярэдадні гэтых самых падзеяў. Я прыехаў у горад на Няве па сваіх рэвалюцыйных знаёмствах, каб уступіць у новую рэвалюцыйную арганізацыю “Рэвалюцыйныя пралетарскія ячэйкі”. І вось сярод вечара павінен быў прайсьці мой першы іспыт на рэвалюцыйную сьвядомасьць. Справа была ў тым, што трэба было раскідаць на тэрыторыі заводу каля 20 тысяч улётак, якія павінны былі заклікаць працоўных зранку спыніць працу і прыйсьці на барыкады.

Хоць завод і адносіўся да вытворчасьцяў закрытага рэжыму, усё павінна было адбыцца ноччу. Мы выйшлі, прыехалі да гэтага заводу, знайшлі пад плотам нейкую дзірку (мы яе нават пакапалі, пашырылі яе), праз яе пралезьлі на завод і пачалі раскідваць улёткі. Было вельмі рамантычна, шыхтара бегалі туды-сюды, пэрыядычна джыпы з аховай праносіліся, і вось мы бегаем і клеем тыя ўлёткі.

Я забягаю ў адзін цэх, кладу ўлётку на станок… і тут на мяне апускаецца ззаду чыясьці рука. Я бачу – стаіць такі рабацяга і пытаецца: “Што вы тут робіце?”. А я мычу: “А-а, а-а…” і проста паказваю на свайго рэвалюцыйнага боса. Рэвалюцыйны бос нешта сказаў, рабацяга быў вельмі задаволены.

Памятаю, калі міма нас праносіліся джыпы з аховай, мы падалі ў лужы, каб яны нас… А потым а пятай гадзіне скончылі сваю рэвалюцыйную акцыю, выйшлі з завода таксама праз гэтую нару і пайшлі ў горад, радуючыся, як будзе файна, як мы прыйдзем, а зранку рабочыя пабудуюць барыкады і будуць страйкаваць.

Мы шлі даволі доўга, бо заходзілі паспаць да знаёмых, потым выйшлі і прыйшлі ў цэнтар. Калі мы прыйшлі ў цэнтар, там сапраўды былі барыкады, бо гэта было 19 жніўня 1991 году, і ўвесь цэнтар Піцера быў у барыкадах. Ну вось так мы зрабілі рэвалюцыю.

Алег Новікаў, Менск

XS
SM
MD
LG