Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


У двары, у некалькіх мэтрах ад хаты, расла груша. Яе пасадзіла мая бабуля. Камель гэтай грушы раздвойваўся.

І вось такі яркі ўспамін з дзяцінства. Хлеб тады быў нясмачны, кукурузны. Мама заўсёды пякла свой хлеб. І заўсёды, апрача вялікіх боханаў хлеба, выпякала адзін маленькі бохан, які мы першы заўсёды зьядалі. І вось гэты першы маленькі бохан выносілі на вуліцу, клалі на галінкі гэтай грушы, і мы, малыя, сядзелі ля вакна і чакалі, калі ён астыне і яго можна будзе зьесьці.

Зараз у менскіх крамах можна купіць вельмі смачны Нарачанскі хлеб. І вось размаўляючы з тэхнолягам, які распрацаваў рэцэпт гэтага хлеба, я даведалася, што рэцэпт якраз узяты з маіх мясьцінаў, з Мядзельшчыны. Ён заўсёды напамінае мне хлеб таго хлеба, які пякла мая мама.

Зараз мамы няма, я вельмі рэдка прыяжджаю ў той дом, які застаўся ад бацькоў, але заўсёды сядаю ля вакна і бачу тую грушу, на якой ахалоджваўся першы смачны бохан хлеба. Я памятаю той хлеб і думаю, што вельмі шкада, што рэцэпт таго сапразднага мамінага хлебу я не захавала. Я не цікавілася і не навучылася сама выпякаць такі смачны хлеб.

Леанарда Мухіна

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG