Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


У маім жыцьці было нямала цікавага, і я лічу, што лёс мне падараваў шмат, але найбольш цікавая гісторыя адбылася з пошукам рэшткаў пахаваньня апошняга караля Рэчы Паспалітае Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Як вядома, гэты кароль быў пазбаўлены кароны менавіта ў Горадні, тут ён быў цэлы год у хатнім зьняволеньні, потым быў перавезены ў Пецярбург і там памёр. Але і пасьля сьмерці не было спакою гэтаму чалавеку, як і яго радзіме, якую ён калісьці пакінуў.

У 38-м годзе з Пецярбурга яго вымушаныя былі вывезьці і было прапанавана палякам, каб яны яго забралі. Яны доўга спрачаліся і ў рэшце рэшт вырашылі, што гэта нібы і “здрайца” і вялікі чалавек, і вырашылі, што ў Кракаў яму яшчэ рана, і забралі яго ў невялікае мястэчка Воўчын – гэта непадалёк ад Берасьця. Перавезьлі яго туды, бо гэта была фамільная мясьціна, дзе ён быў у свой час народжаны маткай, якая паходзіла з Чартарыйскіх, дзе ён быў у свой час хрышчаны.

І вось яго прывезьлі, пахавалі ў невялічкім 18-га стагодзьдзя касьцельчыку, і захаваўся ён праз усю вайну. Але пасьля вайны палова гэтай вёскі, каталікі, ад’ехалі ў Польшчу, пакрыўджаныя тым, што апынуліся ў Савецкім Саюзе, дзе яны не хацелі жыць, а праваслаўныя засталіся. І, як расказваюць мясцовыя жыхары, у тую ж ноч гэты касьцельчык быў абрабаваны, жорстка панішчанае ўсё пахаваньне, якое складалася амаль з трох грабоў, парэшткі Станіслава Аўгуста былі параскіданыя па гэтым касьцеле.

Але пра гэта ўсё мы даведаліся значна пазьней, напрыканцы 80-х гадоў. І трапілі мы ў Воўчын таму, што да мяне ў свой час трапілі даволі цікавыя кніжкі, у якіх была апісаная менавіта гэтая гісторыя перазахаваньня караля. Я запрасіў сваіх добрых сяброў, нябожчыка, прафэсара гісторыі Міхася Ткачова і рэстаўратара з Гародні Ўладзімера Кіслага, таксама быў мой старэйшы сын Аляксандар. Мы прыяжджалі туды двойчы, шукалі гэтых парэшткаў, дах быў месцамі абвалены, было даволі небясьпечна, была цікавая вандроўка, але набралі мы нямала рэшткаў гэтага пахаваньня. Гэта былі часткі яго каранацыйнага плашча, ягоныя абцасы з ботаў, рэшткі труны, і шмат даволі цікавых археалягічных знаходак.

У гэты ж час у Польшчы ішла цікавая дыскусія аб тым, ці ня варта караля ўсё ж такі адвезьці ў Польшчу, і амаль ніхто ня ведаў, што на месцы гэтым ужо нічога не засталося акрамя таго, што мы знайшлі. Праз міністэрства культуры была перададзеная цудоўна выкананая шафа з шуфлядамі, дзе многія рэшткі караля былі перададзеныя ў Польшчу, і зноў разгарэлася ў гэтай краіне вялікая дыскусія аб тым, ці ён здраднік, ці вялікі змагар за культуру і адукацыю.

Пабаяліся ўсё ж гэтыя рэшткі пахаваць на Вавэле, дзе ляжыць абсалютная большасьць каралей Рэчы Паспалітай, і быў ён пахаваны ў касьцёле Сьвятога Яна ў Варшаве, дзе быў у свой час каранаваны.

Нечакана для нас мы былі ўзнагароджаныя за гэтыя пошукі вышэйшай узнагародай Польшчы ў галіне культуры – Ордэнам за заслугі перад культурай Польшчы. На жаль, Ткачоў не пасьпеў атрымаць гэтую ўзнагароду, бо ён памёр.

Але ўсё ж цікава: усё жыцьцё працуеш на ніве беларускай культуры, а атрымліваеш увесь час узнагароды ад палякаў.

Аляксандар Мілінкевіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG